"Репортёр выходит в свет". Когда уйдём со школьного двора...
Школьныя гады… Як хутка яны пралятаюць! Здаецца, яшчэ ўчора хлопчыкі і дзяўчынкі рабілі свае першыя няўпэўненныя крокі да школьнага парога, а сёння яны – дарослыя людзі.
Якія пачуцці пануюць ў святочны выпускны дзень у душах нашых выпускнікоў, іх настаўнікаў і бацькоў паспрабаваў высветліць наш карэспандэнт.
Аксана Кранкоўская, выпускніца Гудагайскай СШ:
– Настрой дваякі: з аднаго боку – сумна, што дзяцінства заканчваецца, што больш не будзе цікавых урокаў у такіх родных настаўнікаў, не будзе сумесных вандровак з аднакласнікамі… А з другога – радасна, таму што пачынаецца новы этап у жыцці: новыя знаёмствы, новыя гарады, новыя пачуцці і ўражанні.
Паступаць збіраюся на эканамічны факультэт у БНТУ. Веру і спадзяюся, што мне хопіць ведаў і пашанцуе пры паступленні.
Сяргей і Наталля Івашкі, бацькі выпускніцы:
Сяргей: Вось дачка і вырасла… Уся энергія, якую яна прыкладала для дасягнення пастаўленных задач і мэтаў, марна не знікла: яе заслугі адзначаны залатым медалём і грашовай прэміяй.
Упэўнены, што Юля паступіць, адвучыцца і, спадзяюся, вернецца ў родныя мясціны на працу. Горад у нас зараз перспектыўны, працу знайсці можна, было б толькі жаданне працаваць.
Наталля: Вылецела наша першае птушаня з бацькоўскага гнязда – ад гэтага і сумна, і радасна...
Як гаворыць народная мудрасць: шчаслівыя дзеці – шчаслівыя бацькі. Галоўнае, каб наша дачка сама разумела, чаго яна хоча, імкнулася да гэтага і была шчаслівая, каб не толькі праца і грошы былі ў цэнтры ўвагі, а і простыя сямейныя каштоўнасці.
Лічу, што на першым месцы для жанчыны павінна быць сям’я і дзеці. Хачу, каб у нашай дачкі ў гэтым плане ўсё было добра: муж і трое дзетак як мінімум (смяецца).
Юля Івашка, выпускніца гімназіі:
– Шчыра кажучы, вучыцца ўжо надакучыла... Хаця я б яшчэ, можа, крыху і павучылася б. Шмат дадатковых заняткаў і інтарэсаў перашкаджаюць вызначыцца: а што ж галоўнае ў маім жыцці? Яшчэ не вызначылася з гэтым да канца. Я збіраюся паступаць на эканамічны факультэт, аднак музыку я пакідаць не збіраюся.
Як складзецца маё далейшае жыццё, адказаць складана. Я хачу ісці сваёй дарогай і ад нікога не залежыць.
Зоя Куркуль, настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ №1:
– Пачуцці неадназначныя. Я разумею, што настаў час маім хлопчыкам і дзяўчынкам “вылятаць з роднага гнязда” ў свет – яны ўжо гатовыя да дарослага жыцця. Гэта быў адзін з самых лепшых класаў: сярэдні бал атэстата па класе складае амаль восем.
Канешне, пры расставанні я буду плакаць. Мне ўжо зараз сумна і не хочацца з імі развітвацца. Але, спадзяюся, што мы кажам адзін аднаму “Да сустрэчы!”
Аляксандра Папкова, выпускніца Падольскага дзіцячага садка-СШ:
– Што я магу сказаць з нагоды выпускога? Нарэшце ўсё гэта заканчваецца (смяецца)! Не скажу, што мне ўсё надакучыла, але хочацца нечага новага, больш складанага і цікавага ў плане ведаў – напрыклад, вышэйшай матэматыкі.
Па школе, напэўна, сумаваць не буду, а вось па людзях, якіх я там кожны дзень сустракала і бачыла – абавязкова. З некім я мела больш блізкія зносіны, з некім – не вельмі, але ўсе яны – цудоўныя людзі.
--------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара і з сайта delate.info.
