"Репортёр выходит в свет". Кем вы решили стать?

Сапраўды гарачае лета, прычым незалежна ад таго, свеціць сонца ці ідзе дождж, наступіла для абітурыентаў: вышэйшыя навучальныя ўстановы праводзяць ўступныя кампаніі. А гэта азначае, што зусім хутка будуць вядомы прахадныя балы – хтосьці будзе скакаць ад шчасця, нехта – плакаць...
Рэпарцёр “АП” даведаўся пра настрой, уражанні і планы будучых студэнтаў.


Вольга Ожэг, Альхоўская сярэдняя школа

– Паступаць вырашыла ў БДЭУ на факультэт права. З дзяцінства падабалася гэтая спецыя-лізацыя, але ў якасці сваёй будучай прафесіі ніколі сабе не ўяўляла сферу юрыспрудэнцыі. Выбар быў зроблены толькі ў пачатку мінулага навучальнага года. Мова, матэматыка і грамадазнаўства – прадметы, што прыйшлося здаваць на ЦТ. Самым цяжкім тэстам мне падалася руская мова, а найвышэйшыя балы я атрымала за грамадазнаўства. Увогуле, я лічу, што ЦТ – гэта латарэйны білет: камусьці пашанцуе, а камусьці – не. Зараз, калі вынікі залічэння яшчэ невядомы, хвалявання няма – мабыць, яно рассеялася падчас экзаменаў і тэсціравання. Больш хвалююцца мае родныя… А мне без іх маральнай падтрымкі – нікуды.


Віталій Бабіч, Міхалішкаўская сярэдняя школа:

– Дакументы падаў у БНТУ на спецыяльнасць “геадэзіст”. Выбар быў шырокі, але гэтая спецыялізацыя прывабіла больш за астатнія. Цэнтралізаванае тэсціраванне здаваў па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Вынікамі застаўся амаль задаволены, хоць магло б быць і лепш. Наконт падтрымкі? Знаёмыя амаль кожны дзень пытаюцца, паступіў ці не – але гэта хутчэй звычайная цікаўнасць.


Марта Блашкевіч, Варнянскі НПК:

– Ужо вядомы вынікі: я паступіла, куды планавала – у лінгвістычны ўніверсітэт. З дзяцінства мне падабалася англійская мова, старанна вучыла яе ў школе і ўжо ў 9 класе, ні кроплі не сумняваючыся, вырашыла звязаць з ёю сваю будучую прафесію. Моцна хвалявалася і перажывала, пакуль не былі вядомы прахадныя балы. Зараз жа вельмі радая і хачу падзякаваць сваім родным і блізкім, што не дазволілі мне ўпасці духам, калі знаходзілася на мяжы адчаю. Веру, што лекцыі для мяне будуць цікавымі, выкладчыкі – самымі лепшымі, а экзамены – лёгкімі.


Анастасія Стэх, закончыла  1 курс факультэта іспанскай мовы лінгвістычнага ўніверсітэта:

– Калі ўспамінаю мінулае лета, на розум прыходзіць толькі адно слова: паступленне. Было боязна і цікава адначасова. Боязна не паступіць, не трапіць у лік тых, каму пашанцавала. З самага пачатку мне хацелася вучыцца менавіта на факультэце іспанскай мовы, таму падчас уступнай кампаніі нават думкі не ўзнікала, каб падаваць дакументы на іншы факультэт. Галоўнае – прытрымлівацца таго шляху, які сабе намеціў: вучыцца там, дзе хочацца, а не там, куды “праходзіш па балах”. Мае чаканні апраўдаліся – я стала студэнткай менавіта таго факультэта, аб якім марыла. І за год вучобы ніколькі не расчаравалася ў сваім выбары.


-----------------------------
Кацярына Сяргей
.