"Репортёр выходит в свет". Какую звезду вы хотели бы увидеть на островецкой сцене?

1
Лета скончылася, і ў актыўную фазу ўступіла пара збору ўраджаю, нарыхтовак і назапашванняў. Але, як гаворыцца, “не хлебам адзіным…” Душа чалавека – няважна, якая пара года за акном, – заўсёды радуецца добрай песні ці прыгожай музыцы.
Вось і вырашыў карэспандэнт “АП” паспрабаваць высветліць у прахожых на вуліцах Астраўца, каго з сусветных ці айчынных зорак яны хацелі б пабачыць на астравецкай сцэне. Наўрад ці яны да нас прыедуць, але ж – марыць не шкодна...


Іван Чарняўскі, работнік РУП ЖКГ, в. Паракіці:
– Здаецца, у нас і так неблагія калектывы прыязджаюць выступаць, і ўсё дзякуючы намаганням нашага аддзела культуры. Хаця я не вельмі часта бываю на падобных мерапрыемствах – нязручна дабірацца да Астраўца.
Мне больш па душы музычныя кампазіцыі ў стылі васьмідзясятых. Аднак на сцэне нашага кінаканцэртнага зала хацелася б убачыць Міхаіла Шуфуцінскага.

Наталья Азакдаг, у дэкрэтным адпачынку:
– Я зараз больш слухаю калыханкі разам з сынам. Але хацела б схадзіць на канцэрт Філіпа Кіркорава – у яго шмат добрых песень. Яшчэ, напэўна, пастаралася б трапіць на канцэрт Паліны Гагарынай, калі б яна ў нас выступала.
З замежных выканаўцаў абавязкова пайшла б на канцэрт Аўрыл Лавін ці “Металікі”. Апошнія, дарэчы, у гэтым годзе збіраліся ўпершыню выступіць у Мінску, але нешта не склалася.
А з нашых беларускіх выканаўцаў мне вельмі падабаюцца гурты “Дразды” і “Ляпіс Трубецкой” – апошні, на жаль, ужо распаўся.

Рыма і Юрый Малаховічы, в. Жусіны.
Рыма:

– З айчынных зорак мне вельмі імпануе Наташа Каралёва, падабаецца, як яна паводзіць сябе на сцэне і ў жыцці. Ды і песні ў яе, асабліва тыя, якія яна спявала некалькі гадоў таму, цудоўныя. З задавальненнем схадзіла б на яе канцэрт.

Юрый:
– Я звычайна слухаю шансон у выкананні розных калектываў і сольных выканаўцаў. Маім любімым спеваком быў і застаецца Міхаіл Круг – але ён, на жаль, ужо ніколі і нідзе не выступіць.

Анастасія, у дэкрэтным адпачынку:
– Такія групы, якія я звычайна слухаю, мне здаецца, да нас наўрад ці завітаюць. Але, калі б да нас прыехаў “фабрыкант” Улад Сакалоўскі, то я зрабіла бы ўсё магчымае, каб патрапіць на яго канцэрт. Хаця трэба прызнацца, што апошнім часам мне зусім не да музыкі – амаль увесь час займаюць дзіця і хатнія справы.

Злата Мінкілевіч, выкладчыца дзіцячай музычнай школы:
– Я б з вялікім задавальненнем схадзіла б на “Lumen”. Апошнім часам ён мне вельмі падабаецца. Саліст Рустэм Булатаў, які сам піша тэксты для песен, – сапраўды геній. А зараз, на жаль, вельмі мала такіх груп, якія б спявалі песні з сэнсам. У асноўным тэксты такія, што ледзь дзясятак слоў у іх нашкрабецца, кшталту “цілі-цілі, тралі-валі, мы любілі, мы кахалі…” – і ўсё! Ніякага палёту думкі і фантазіі.
А яшчэ хачу зноў трапіць на канцэрт эстраднага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Мне пашанцавала слухаць іх у Астраўцы – невыказваемыя ўражанні і мора пазітыўных эмоцый! Гэта сапраўдныя прафесіяналы і зоркі нашай беларускай сцэны!

------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.