"Репортёр выходит в свет". Какую книгу можно считать книгой №1 Беларуси?
Сёлета ў Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне будзе дадзены старт падрыхтоўцы да 500-годдзя кнігадрукавання. За пяць стагоддзяў на небасхіле беларускай прозы і паэзіі з’явілася на свет не адно зорнае імя і не адзін знакаміты твор.Якую кнігу, на погляд жыхароў нашага райцэнтра, можна назваць кнігай №1 у Беларусі, высвятляў на гэтым тыдні наш карэспандэнт.
Анастасія Мацкела, у дэкрэтным адпачынку, з дачкой Янай:– Яшчэ ў школе мне вельмі спадабалася “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча. Але я добра ведаю і іншыя творы нашых землякоў: “Катэхізіс” Сымона Буднага, “Песню пра зубра” Міколы Гусоўскага, “Біблію” Францыска Скарыны. З апошняй, лічу, павінен азнаёміцца кожны свядомы беларус.
Штогод у нас выдаюцца кнігі беларускіх аўтараў, але, на жаль, не заўсёды ёсць магчымасць пазнаёміцца з імі.
Вольга Дарашкевіч, пенсіянерка:– Я лічу, што гэта павінна быць кніга кшталту Беларускага Атласу, дзе яскрава, з каляровымі малюнкамі расказваецца пра нашу Радзіму: пра мясціны, дзе мы жывём, пра гісторыю, пра тыя матэрыяльныя і духоўныя багацці, якімі валодаюць беларусы.
А то атрымліваецца, што нашы людзі вельмі мала могуць расказаць пра такія прыгожыя беларускія мясціны, як Нарач, Браслаў, Несвіж, Мір...
Андрэй Грыгаровіч, жывёлавод:– Я апошнім часам чытаю рэдка, бо вельмі шмат работы, і ў асноўным тое, што першае пад руку трапляецца.
Але параю абавязкова пачытаць вершы Максіма Багдановіча – гэта тое, што варта ведаць. Хаця я лічу, што больш пісаць трэба на грамадзянска-патрыятычную тэматыку. Паэт павінен у першую чаргу быць грамадзянінам!
Марына Мікалайчук, хатняя гаспадыня:– Я з 1977 года, як выйшла замуж, жыла далёка за межамі нашай краіны. У мяне муж – энергетык, дык куды нас толькі ні закідваў лёс: Балгарыя, Іран, Кітай. Таму магчымасці чытаць, а тым больш размаўляць па-беларуску не было. Але мы вярнуліся на радзіму, і я актыўна запаўняю прабелы ў валоданні беларускай мовай – стараюся больш чытаць і размаўляць.
З усіх кніг, якія мне падабаюцца, выберу Купалу і Коласа – гэта сапраўдныя волаты нашай літаратуры і менавіта іх я параю чытаць як беларусам, так і іншаземцам, каб лепш зразумелі беларускі менталітэт.
Яўген Вайцяховіч, станочнік, з сынам Канстанцінам:– Я раней чытаў больш. Аднак пасля школы неяк цікавасць да кніг пайшла на спад. А зараз, пасля нараджэння трэцяга дзіцяці, вольнага часу зусім няма.
Раней цікавіўся раманамі сацыяльнай праблематыкі. Адзін з найбольш важкіх, на мой погляд, – “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна. Яшчэ перыядычна ў нашай “раёнцы” чытаю мясцовых паэтаў і празаікаў.
Калі разглядаць пяць стагоддзяў беларускага друкарства, то там можна шмат цікавага знайсці. Аднак найбуйнейшым і найважнейшым творам лічу “Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года” Льва Сапегі. Многія яго часткі ў наш час не згубілі сваёй актуальнасці, не дарэмна ж па ім беларусы амаль тры стагоддзі жылі!
-------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
