"Репортёр выходит в свет". Какой ваш любимый майский праздник?

майПасля шэрых, халодных і мокрых будняў красавіка да нас нарэшце завітаў усмешлівы, цёплы і насычаны святамі май.

Ужо ў першую дэкаду нас чакае шмат святочных выхадных дней. Якое з майскіх ці ўвогуле з усіх святаў самае любімае ў астраўчан, цікавіўся наш карэспандэнт.

репортер про май ТуманаваЛюдміла Туманава, пенсіянерка:

– У мяне якраз напярэдадні мая дзень нараджэння ў дачкі. Так што самым чаканым атрымліваецца ўсё ж перадмайскае свята, а ўжо потым – усе астатнія.

А калі шчыра, то Дзень Перамогі – самае паважанае мной свята, бо мае бацькі – ветэраны вайны. А ўвогуле, кожны чалавек асабіста расстаўляе прыярытэты: для веруючых, зразумела, – гэта Пасха, а для тых, хто судакранаўся з вайной, – “свята са слязамі на вачах”.

репортер про май Чыгілейчык2Людміла Чыгілейчык, педагог дадатковай адукацыі ЦТДзіМ:

– Ведаеце, хоць я і вельмі люблю вясну і лета, аднак самыя мае любімыя святы – зімовыя. Значную частку свайго жыцця пражыла ў Літве, а там нават вялікія праваслаўныя святы не з’яўляюцца дзяржаўнымі, ды і сама праваслаўная суполка невялікая.

А з майскіх святаў, безумоўна, самае галоўнае – Дзень Перамогі. У мяне бацька і маці перажылі вайну і шмат расказвалі пра тыя цяжкія часіны. І я лічу неабходным гэтыя гісторыі пераказваць нашым дзецям і ўнукам, каб яны ведалі, колькі пакутаў і болю прыносіць з сабой вайна.

Данута Бычко, тынкоўшчык-маляр ЖКГ (без фота):

– Усе святы важныя і кожнае па-свойму добрае і непаўторнае. У нашай сям’і галоўным святам мая з’яўляецца Вялікдзень. Хоць я і каталічка, аднак муж – праваслаўны, таму адзначаем абедзве Пасхі.

А ўвогуле лічу, што рэлігійныя святы мацней за іншыя аб’ядноўваюць людзей, таму для мяне святы веры на першым месцы, а дзяржаўныя – на другім. Пасху хрысціяне адзначаюць ужо амаль дзве тысячы гадоў, а некаторым дзяржаўным святам далёка хаця б да стагоддзя.

репортер про май Лукойць2Іван Лукойць, пенсіянер:

– Напэўна, з дзяржаўных святаў на першым месцы знаходзіцца Дзень Перамогі. Я ўспамінаю, як раней, калі яшчэ шмат удзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай жыло ў раёне, мы збіраліся разам: яны нам расказвалі пра цяжкія гады вайны і не менш складаныя пасляваенныя часы, калі давялося аднаўляць і адбудоўваць Беларусь з нуля, з руін. Так што, на мой погляд, 9 мая – самае што ні ёсць сапраўднае свята незалежнасці і свабоды нашай краіны.

А калі браць рэлігійныя святы, то праз некалькі тыдняў будзе Тройца – самае значнае, што ёсць у маі. Кожны год шмат людзей на фэст у наш Гервяцкі касцёл збіраецца. І сёлета, думаю, будзе не менш!

репортер про май Бабойць2Яніна Бабойць, пенсіянерка:

– Я б не сказала, што з нецярпеннем чакаю майскіх святаў, бо самае маё любімае свята – свята Божага Нараджэння – прыпадае на зіму. Ну а май – гэта час брацца за працу: на вуліцы цяплей з кожным днём, святлей, але ўсё роўна часу на ўсе задумы не хапае.

Але калі гаварыць пра май, то набліжаецца Тройца. Ксёндз-пробашч гервяцкага касцёла Леанід Нясцюк вялікай пашанай карыстаецца і сярод мясцовых жыхароў, і ў шматлікіх гасцей з розных краін. Таму мы рыхтуемся сустракаць гасцей.

Антон ЧЫК, фота аўтара.