"Репортёр выходит в свет". Какой он, настоящий друг?
У панядзелак, 9 чэрвеня, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень сяброў. Вось і вырашыў наш карэспандэнт высветліць у астраўчан: а які ж ён, сапраўдны сябар? Ці кожнага можна назваць гэтым словам?
Ягор Александровіч, пенсіянер:
– Сяброўства існуе! А сапраўднае сяброўства – яно праз гады і дзесяцігоддзі будзе працягваць жыць, нават калі вы не бачыцеся доўгі час. Сябры твае могуць жыць вельмі далёка, але як толькі іх сустрэнеш – быццам і не было доўгіх дзён расстання і вялікай адлегласці. Спазнаюцца сапраўдныя сябры як у радасці, так і ў горы.
У мяне шмат такіх сяброў было… Раней мы з імі часта сустракаліся, але зараз мне ўжо 89 гадоў “стукнула”, не да кожнага дайду, дый сяброў ужо многіх маіх няма, а тыя, якія яшчэ жывыя, самі пра здароўе могуць хіба што ўспамінаць (смяецца).
Аляксандр Рэкець і Алег Васільчык, вучні 8 класа СШ №1:
Аляксадр:
– Сябар павінен табе безумоўна давяраць, а ты – яму. Ты ведаеш, што ён цябе аднаго ў складанай сітуацыі не пакіне і не здрадзіць. Ну і, зразумела, сябар павінен быць не балбатлівым і не зайздрослівым, бо на зайздрасці моцнага сяброўства не пабудуеш. Часам здараецца, што ты з чалавекам, якога лічыш сябрам, размаўляеш на самыя шчырыя тэмы, а ён потым усім іх парасказвае. Які ж гэта сябар? Ці ёсць ў мяне сапраўдны сябар? Так, вось ён, як і заўсёды, побач са мной.
Алег:
– Дзякую за давер. Пагаджуся з Сашам і дадам, што наша сяброўства цягнецца з дру гога класа. Дзеля свайго сябра я на многае гатовы, нават, нягледзячы на рызыку, дам спісаць яму кантрольную (смяецца).
А сапраўдны сябар ці не, ты даведаешся, мне здаецца, у шчаслівыя моманты: калі ён сапраўды за цябе ўсёй душой радуецца, а не зайздросціць, то ён сапраўды сябар.
Вольга Мікалаеўна, пенсіянерка:
– Сапраўднае сяброўства ёсць. Я нават лічу, што паміж мужчынам і жанчынай можа быць такое сяброўства, што не паміж усякімі мужыкамі бывае. Ёсць у мяне такі сябар на нашым заводзе, дзе я раней працавала, – мы з ім з 17 гадоў сябруем, а гэта, лічы, амаль усё жыццё. Ёсць у мяне і сяброўка “закадычная”. Калі дрэнна і патрэбна дапамога – яна заўсёды дапаможа справай ці словам. Ведаеце, сапраўдныя сябры часам бліжэй, чым родзічы. Увогуле, у мяне шмат сяброў і сябровак, якія побач са мной і ў горы, і ў радасці.
Сняжана Вашкевіч, вучаніца 10 класа гімназіі №1:
– Сапраўдны сябар ці сяброўка – гэта той чалавек, які дапаможа ў цяжкую хвіліну, падтрымае, зразумее і не пакіне ў адзіноце. На мой погляд, сапраўдны сябар ці не, можна даведацца толькі ў цяжкую, гаротную хвіліну.
У сваёй большасці усе людзі, з якімі я маю стасункі, – гэта хутчэй прыяцелі і прыяцельніцы, чым сябры.
------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК.
