"Репортёр выходит в свет". Какое поздравление на 8 Марта вам запомнилось?
Напачатку сакавіка ўсе думкі моцнай паловы чалавецтва пачынае запаланяць адно самае вясенняе свята – 8 Сакавіка. Што толькі не кладзецца на плечы мужчын у гэты дзень! Дзеці, сям’я, вячэра і сняданак – яны робяць усё, каб ён запомніўся іх жонкам, маці і бабулям.Таму напярэдадні 8 Сакавіка наш карэспандэнт вырашыў высветліць у жыхарак Астраўца і раёна, менавіта якое віншаванне ад мужчын ім запомнілася і чаму.
– Найлепшае віншаванне я прымала са сваімі сяброўкамі-аднагрупніцамі на першым курсе ўніверсітэта ад нашых хлопчыкаў. Аднагрупнікі тады вельмі добра павіншавалі нас. Што дарылі? Нават і не ўспомню, але з якімі пяшчотнымі і добрымі словамі гэта рабілася – вось гэта ў памяці адбілася.
Сапраўды, галоўнае – не падарунак, а словы, з якімі ён дорыцца. Наша група да таго 8-га Сакавіка не асабліва дружная была, але пасля мы моцна з’ядналіся і здружыліся.
– Напэўна, гэта было ў 2013 годзе. Мы тады разам з сябрамі ў маёй сястры Лаліты ў Гудагаі адзначалі гэтае свята: музыку слухалі, розныя прысмакі елі, гулялі. Карацей, было весела.
– А для мяне “жаночы” дзень – не свята! Чаму? А таму што ў мяне 9-га сакавіка дзень нараджэння, але ў дзяцінстве яго заўсёды неяк 8-га адзначалі. Таму зараз я больш чакаю менавіта 9-га сакавіка.
Ну, а самы запамінальны восьмасакавіцкі дзень, спадзяюся, будзе ў гэтым годзе – пры ўмове, канешне, што мы з мужам паспеем закончыць рамонт калі не ва ўсёй кватэры, то хаця б у зале (смяецца).
– Першае, што прыходзіць на памяць, – гэта як некалькі гадоў таму, калі я была ў санаторыі, для жанчын у гэтае свята была арганізавана сапраўдная імпрэза.
Нашы мужчыны-настаўнікі з гімназіі, хоць іх і мала, таксама ўмеюць стварыць святочны настрой. І падыход у іх заўсёды арыгінальны: нехта чытае свае вершы, хтосьці спявае песні.
Ну і, вядома, дома мае мужчыны – муж і два сыны – дораць мне кветкі. Звычайна чаргуюць: год зрэзаныя, год – у гаршчках.
– Дакладна год не скажу, але дзесьці ў дзевяностых было самае запамінальнае Восьмага сакавіка – менавіта ў гэты дзень я пазнаёмілася з адным маладым чалавекам, які зараз з’яўляецца маім мужам.
Але звычайна гэты дзень для мяне непрыкметна пралятае – то на работу трэба ісці, то толькі з яе. А вось муж у гэты дзень заўсёды дома парадкі наводзіць: мые, прыбірае, гатуе.
-------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.





