"Репортёр выходит в свет". Какое место Островетчины для вас самое близкое?

У кожнага чалавека ёсць любімае месца, з якім у яго звязаны самыя лепшыя ўспаміны і самыя незабыўныя ўражанні. Тут ён любіць бываць, адпачываць ці сустракацца з цікавымі людзьмі.

Вось і вырашыў наш карэспандэнт запытацца ў астраўчан, якое месца ў нашым раёне ім самае блізкае?


Эдуард Назараў, вучань Спондаўскай СШ:

– Найчасцей я з сябрамі люблю бываць на Кайміне – гэта адна з жамчужын нашага раёна. Там прыгожая прырода, непаўторны ландшафт, там можна цудоўна адпачыць. Летам мы купаемся, а зімой – катаемся на каньках або вудзім рыбу.


Ала Мятлеўская, тэхнічны работнік:

– Напэўна, як і ва ўсіх, лепшыя мясціны, з якімі звязаны самыя добрыя ўспаміны, – у Варнянах, паблізу ад дома. У грыбы і ў ягады мы ходзім у Варнянскія лясы. Калі з’яўляецца жаданне адпачыць, то гэта можна ўсім сямействам зрабіць на млыне, або на востраве каля вежы.


Алег Пляўга, вучань Кямелішкаўскай СШ:

– З астравецкіх мясцін мне найбольш імпануе Японскі стаў, дзе мы збіраемся ўлетку з сябрамі. Чаму Японскі? Кажуць, што непадалёк працяглы час жыў японец. Мы тут і на лодцы катаемся, і рыбу вудзім, і загараем.

Яшчэ адно добрае месца для адпачынку – наш мясцовы клуб. Мы ў ім амаль кожную суботу “завісаем”, акрамя тых дзён, калі арганізоўваюцца паездкі ў Астравецкі танцавальны клуб “Галактыка”.


Ірына Жвірыдоўская, работнік кафетэрыя:

– Шчыра кажучы, я амаль нідзе не бываю. Сям’я ў мяне вялікая – трэба аб ёй клапаціцца. Але калі выдаецца вольны дзень, то з задавальненнем збіраемся ўсе разам на беразе нашага ГЭСа.


Казімір Бабіч, індывідуальны прадпрымальнік:

– Мая самая любімая мясціна на Астравеччыне – гэта, канешне, мая родная вёска Міхалішкі. Тут вам і лес, і рака Вілія, і касцёл святога Міхаіла. А якія добрыя і прыемныя людзі тут жывуць!

Лічу, што гэта не толькі лепшая вёска ў раёне, а наогул у краіне. Тут не толькі прайшло маё дзяцінства – усе мае карані з гэтага краю: маці з саміх Міхалішак, а бацька – з ужо нежылой вёскі Побалі. Так што нідзе больш жыць і не хацеў бы.


--------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.