"Репортёр выходит в свет". Каким зданием Островец выделяется среди других городов?
1
Калі ў чалавека ёсць радзімка, свая адмеціна – ён запамінаецца, набывае сваё аблічча. Так і з горадам…Які ж будынак у Астраўцы самы прыгожы і адметны, па чым можна сразу вылучыць наш райцэнтр сярод іншых гарадоў, высвятляў у астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт.
Казімір Якель, пенсіянер:– Я жыву ў прыватным доме: печка на дровах, вада ў калодзежы, “выгоды” ў двары… Таму з радасцю гляджу на новыя жылыя дамы, якія будуюцца ў Астраўцы.
Відаць, што зусім іншае жыццё зараз у людзей. У такіх кватэрах жыць – адно шчасце: і ўтульна, і прыгожа, і ўсё, што трэба, лічы, у некалькіх кроках ад дома. Адзін мінус – людзі становяцца лянівымі…
Галіна Ражко, настаўніца матэматыкі гімназіі №1 г. Астравец:– Бяспрэчна, самымі прыгожымі будынкамі нашага райцэнтра з’яўляюцца новая гімназія і дзіцячы садок. Яны вылучаюцца сярод іншых устаноў нават сваім знешнім выглядам. Гэта будынкі, якія акрамя прыгажосці, нясуць і практычны сэнс: гэта храмы станаўлення асобы і ведаў.
Вадзім Пяткевіч, вучань гімназіі №1 г. Астравец:– Са старых будынкаў мне падабаецца касцёл, што ў цэнтры Астраўца.
З новых, безумоўна, новая гімназія, гэта – вышэйшы клас! Па ўсіх параметрах і патрабаваннях!
Дзмітрый Гродзь, масажыст:– Я ў Астравецкім раёне вырас і зараз часта з сям’ёй прыязджаю да сваіх бацькоў.
Калі разглядаць будынкі з гісторыяй, то на першае месца я б паставіў млын. Шкада, што ён паціху развальваецца. А маглі б знайсціся людзі ці арганізацыя, якія б яго ў належны стан прывялі і працаваць бы прымусілі.
У сучасных будынках, лічу, няма нічога адметнага, што б вылучала іх з шэрагу падобных. Хіба што новы следчы камітэт своеасабліва выглядае (смяецца).
Інга Шлыковіч, бібліятэкар аддзела камплектацыі Астравецкай раённай бібліятэкі:– Здавалася б, у нашых найважнейшых арганізацый горада ўжо ўсё ёсць, а чаго няма – хутка будзе: новыя будынкі выхавання і навучання, лячэння і аховы парадку, паштовай сувязі і надзвычайных сітуацый…
Аднак, хочацца верыць, што ў бліжэйшыя гады і на нашай вуліцы будзе свята – для супрацоўнікаў бібліятэкі пабудуюць сучасную, абсталяванную па апошняму слову тэхнікі бібліятэку, па ўсіх патрабаваннях і абавязкова з незвычайным архітэктурным вырашэннем, якое б пэўным чынам намякала на прызначэнне будынка.
Гутарыў Антон ЧЫК.
Фота Лізаветы ДРЭМА.
