"Репортёр выходит в свет". Какие желания вы загадали Деду Морозу?
Колькі б гадоў нам ні споўнілася, якая б лічба ні была намалявана на святочным торце, якія б жыццёвыя сітуацыі з намі ні адбываліся, але, напэўна, кожнаму чалавеку ўласціва марыць, верыць і спадзявацца на лепшае. Асабліва напярэдадні такога свята, як Новы год. Гэта такая мяжа, за якой мы пакідаем усе крыўды і памылкі, каб з чыстым сэрцам адкрыць новую старонку жыцця.А яшчэ гэта час, калі да ўсіх нас прыходзіць чараўнік Дзед Мароз, каб выканаць нашы самыя запаветныя жаданні. А чаго чакаюць ад Дзеда Мароза астраўчане? Гэта і высвятляў наш карэспандэнт.
– Я ўжо, напэўна, выйшла з таго ўзросту, калі вераць у Дзеда Мароза. Але свой падарунак пад ёлачку ўсё роўна буду чакаць. Ад мужа. Звычайна гэта нейкі парфум.
– Я сёлета папрасіла ў Дзядулі Мароза прыгожыя лялькі і дзявочыя цацкі і касметыку. Што ён мне падарыў у мінулым годзе? Нават і не памятаю. А ўвогуле, самае маё вялікае жаданне – гэта атрымаць у падарунак коніка – я б тады абавязкова навучылася на ім ездзіць.
– Чаго б хацелася? У першую чаргу здароўя! Дзецям, унукам, ну і, канешне, сабе. Бо ніякае багацце не зробіць шчаслівым, калі няма здароўя. Па-другое, няхай усё ж зарплаты хутчэй растуць, чым цэны. Ну, а па-трэцяе, міру ва ўсім свеце. Няхай усё наладзіцца ў нашых паўднёвых суседзяў украінцаў, няхай усе крыўды сыйдуць, бы леташні снег, і ў іх дамах усё будзе добра!
І ў нас няхай таксама ўсё будзе добра!
– А няхай мне Дзядуля Мароз падорыць новую добрую работу! Якую? А я вось уладкоўваюся на працу ў дзіцячы садок, які хутка адчыніцца ў новым мікрараёне.
А ўсяго іншага, здаецца, мне хапае. Свой персанальны заказ я ўжо Дзядулі Марозу ў асобе мужа (смяецца) перадала: крыху парфуму, крыху прыгожых адзежак – хоць упэўнена, што шчасце не ў іх.
Ну, а ўсім астраўчанам і гасцям нашага горада жадаю ўсяго-ўсяго і паболей!
– Чаго хочацца, дык гэта снегу! І абавязкова, каб марозчык ударыў. Не моцны, градусаў да 15-20. Бо ніякага адчування святаў…
З матэрыяльнага – вельмі б хацелася прыбаўкі да зарплаты, а то зойдзеш у магазін, там усяго і хапае, але цэны – завоблачныя. Так і пойдзеш, нічога не набыўшы.
Але самае галоўнае: у нашай краіне хоць і існуюць пэўныя праблемы, але наша ўлада іх неяк спрабуе вырашыць. Ды і ўвогуле, паглядзіш на тое, што ў свеце робіцца, – радуешся, што ты жывеш у Беларусі.
А яшчэ хацелася б, каб Дзядуля Мароз зрабіў бы штрафы за адсутнасць флікераў крыху меншымі, а міліцыянераў – крыху дабрэйшымі. А то ніякай зарплаты на іх не хапае (смяецца).
-------------------------------------
Антон Чык, фота аўтара.





