"Репортёр выходит в свет". Какие книги вы читаете детям?

читаем вместеВядомы рускі пісьменнік Міхаіл Прышвін казаў, што ў кожнай дзіцячай казцы жыве яшчэ адна, якую ў поўнай меры можа зразумець толькі дарослы чалавек. У чароўным свеце кнігі казачныя героі заўсёды змагаюцца са злом і дапамагаюць слабейшым, пераадольваюць перашкоды і атрымліваюць заслужаную ўзнагароду: Герда сваёй вялікай любоўю растоплівае ледзяное сэрца Кая, а да Карліка Носа вяртаецца яго былое аблічча… Чытаючы казку свайму дзіцяці, нанова разумееш простыя і спрадвечныя ісціны.
Журналіст раёнкі пацікавіўся, ці чытаюць астраўчане і жыхары нашага раёна кнігі сваім дзецям ці ўнукам, і што б яны параілі для сумеснага сямейнага чытання.

репортер МінкевічАлена Ягораўна Мінкевіч, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі:
– У раённай бібліятэцы ёсць спецыяльная палічка для дзіцячай літаратуры. Часта бацькі пытаюцца пра творы, якія іх дзеці праходзяць у школе па літаратуры. Багаты выбар кніг, як для дашкольнікаў, так і для школьнікаў, прапаноўвае дзіцячая бібліятэка. Рознакаляровыя, прыгожа аздобленыя, музычныя, розныя па форме кнігі знойдзе там самы патрабавальны і дапытлівы маленькі чытач. А ў аддаленыя вёскі кнігі прывозіць “бібліятэка на колах”. Раней на базе раённай бібліятэкі пэўны час дзейнічала “сямейная бібліятэка”, але гэтая цікавая ініцыятыва чамусьці не карысталася папулярнасцю ў наведвальнікаў.
І я, і муж чыталі дзецям спачатку самі, а потым разам з імі. Магу параіць для сумеснага сямейнага чытання Карнея Чукоўскага, казкі Носава, вершы Агніі Барто. Ніколі сваёй актуальнасці не губляюць народныя беларускія і рускія казкі... Хочацца, каб людзі чыталі і прыходзілі ў бібліятэку самі і разам са сваімі дзеткам.

репортер МахневічГэлена Людвікаўна Махневіч з унучкай Агатай:
– Жыву разам з дзецьмі. Любімай унучцы стараюся прачытаць ці расказаць перад сном казку. Калі яна была маленькай, то любіла слухаць пра курачку Рабу, Калабка. Гэтыя казкі ніколі не страцяць сваёй актуальнасці.
У пацвярджэнне бабуліных слоў Агата, усміхаючыся, коратка зазначыла:
– Люблю, калі не я, а бабуля чытае!

репортер ЦярэшкаІван Фёдаравіч Цярэшка, пенсіянер:
– Чытаў перад сном сваім дзецям, а калі стаў дзядулем – і ўнукам. Старэйшы ўжо вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, а малодшы ходзіць у 8 клас. Памятаю, чытаю я ім казкі пяць, дзесяць хвілін – і сам засну. Яны тузаюць мяне (а вачаняты гараць!) са словамі: “Дзядулечка, не спі, далей чытай”. Цудоўную беларускамоўную кнігу “Бацькаў дар”, якую чытаў дзецям, яны збераглі.

репортер КамокАлена Уладзіміраўна Камок разам з сынам Арцёмам:
– Часу на чытанне не хапае катастрафічна! Звычайна чытаю толькі навіны: трэба быць у курсе жыцця – як краіны, так і нашага раёна.
Арцём:
– А мне лепш падабаецца адпачываць, чым чытаць, тым больш, што ўсё самае цікавае зараз можна знайсці ў інтэрнэце.

репортер лазкоВераніка Уладзіміраўна Лазко, бухгалтар аддзела адукацыі, спорту і турызму:
– На жаль, для душы даўно нічога не чытала. А вось сваёй дачушцы Лізе чытаю казкі перад сном. Ёй падабаюцца рускія народныя, казкі народаў свету, а таксама тэматычныя энцыклапедыі з серыі “Все обо всем”. Лічу, што дзецям трэба чытаць, пакуль яны маленькія, каб у далейшым яны больш любілі кнігу, а не камп’ютар.

--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.