"Репортёр выходит в свет". Как вы спасаетесь от жары?
Спёка апошніх тыдняў, здаецца, пазбавіла жыхароў раёна жадання затрымлівацца ў распаленых “каменных джунглях” пад назвай “горад”. Усе, каму дазваляе магчымасць, бягуць з гарачых дамоў і кватэр бліжэй да вады – на вёску, да бабулі ці на дачу.А што робяць тыя, у каго няма такой магчымасці? Як яны ратуюцца ад спёкі? З гэтымі пытаннямі і звяртаўся да астраўчан наш карэспандэнт.
Яна Яльніцкая, 5 гадоў:
– Я п’ю шмат вады, абліваюся, мама мне марожанае купляе. А яшчэ я нашу сукенкі на шлейках – у іх зусім не горача. Мама кажа, што наша выратаванне толькі на дачы: там лес побач і рэчка, і лазня. Толькі мне вось сёння да стаматолага трэба – таму мы па Астраўцы і гуляем.
Віталь і Ганна Уланы, госці з Вільнюса:
Віталь:
– Так атрымалася, што мы ў Астраўцы два тыдні, і столькі ж пануе спёка. Таму як мага больш часу мы імкнёмся праводзіць пад дахам свайго дома ў Рымдзюнах. Будынак там у нас добра пабудаванны, у ім спёка не адчуваецца.
Ганна:
– Калі б у мяне была такая магчымасць, то я сядзела б у рэчцы па шыю суткамі. Зараз мы кожны дзень ходзім у бальніцу да таты. У самой бальніцы спякота не адчуваецца. А вось па дарозе хаваемся ад сонца і спёкі ў ценю, пад дрэвамі прыпыняемся, каб перадыхнуць. Але асабліва добра – у магазінах з кандыцыянерамі. А побач з домам у нас працякае рэчка Ашмянка – мы на яе ходзім ахалоджвацца.
Мар’ян Ромаш, ляснік:
– Я ведаю, што дактары раяць піць шмат вадкасці, – вось я і п’ю ваду, але без фанатызму. А яшчэ, хоць у нас працоўны дзень і пачынаецца з 8.00, у апошні час мы выходзім на працу раней, пакуль няма спёкі і духаты. Я займаюся адводам дзялянак, іх асвятленнем, прачысткай, доглядам за маладняком, таму ўвесь дзень на пякучым сонцы.
Шкада, што ракі паблізу маёй хаты няма, хаця, шчыра кажучы, і часу на яе не хапіла б, бо пасля працы чакае гаспадарка, якая таксама пакутуе ад гарачыні.
Аксана Кардаш, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Рэспубліканскага таварыства выратавання на вадзе:
– У мяне такая праца, што я ўвесь час знаходжуся побач з вадой. А дома, у Ізабеліна, літаральна ў некалькіх кроках ад нас цячэ Ашмянка. Так што спёкі я не адчуваю. Ну, а калі ўсё ж становіцца спякотна, то альбо ваду п’ю негазаваную, або купляю марожанае, каб крыху “астыць”.
-------------------------------------
Антон Чык, фота аўтара.
