"Репортёр выходит в свет". Как вы относитесь к курильщикам?
У хуткім часе ўсіх курыльшчыкаў закрануць змены, якія доўгі час наспявалі ў грамадстве. Зараз актыўна ідзе дапрацоўка Дэкрэта “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў”, які значна абмяжуе “свабоду” курыльшчыкаў.Асобныя нюансы дакумента будуць у бліжэйшы час дапрацаваны на міжведамасным узроўні, а канчатковы варыянт прадставяць прэзідэнту для падпісання. А пакуль наш карэспандэнт вырашыў высветліць, як да курыльшчыкаў і тытуню ўвогуле ставяцца астраўчане.
Вераніка Стаціна, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Вадзім Чумачэнка, вучань гімназіі:
Вераніка:– Ды тытуню ў мяне выключна адмоўныя адносіны. Мне не падабаецца, калі курыльшчыкі знаходзяцца побач са мной – стаяць на прыпынку ці сядзяць на лавачцы ў парку – і кураць.
У маёй сям’і ніхто не курыць. Таму да абмежаванняў месцаў для курэння стаўлюся толькі станоўча.
Вадзім:
– Урачы пастаянна гавораць нам, што тытунь – гэта атрута. Аднак многіх людзей гэта не спыняе. А ім варта было б задумацца нават не пра сваё здароўе, а пра здароўе сваіх дзяцей і нацыі ў агульным.
Курэнне – гэта шкодная звычка, ад якой неабходна пазбаўляцца.
Валянціна Гаўрылюк, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта:– Аднойчы з цікавасці я сама паспрбавала закурыць – адчуванні не з лепшых: кашаль, галава кружыцца… Карацей, дала сабе зарок: больш ніколі! А многія пачынаючы з забавы, не заўважаюць, як пераходзяць да звычкі, а потым – і да залежнасці.
Абмяжоўваць курыльшчыкаў і месцы для курэння, лічу, трэба. Аднак, для пачатку трэба зрабіць так, каб абараняючы правы тых, хто не курыць, мы не абмяжоўвалі права на курэнне саміх курыльшчыкаў: яны таксама члены нашага грамадства.
Аляксандр Бяляўскі, індывідуальны прадпрымальнік:– У мяне з тытунём доўгае знаёмства: у 14 гадоў я пачаў курыць, пасля арміі, у 21, вырашыў завязаць, праз два гады зноў пачаў і вось зараз разумею: трэба кідаць.
Чаму пачаў? У дзевяностыя гэта было модна. Пачыналася звычайна: кампанія, піва, цыгарэта… А потым непрыкметна ўцягнуўся.
Мне не столькі перашкаджаюць курыльшчыкі, колькі тое, што звычайна
пасля іх застаецца: акуркі каля сметніц, пляўкі пад пад’ездам – непрыемна і вельмі злуе.
Мікалай Кулецкі, будаўнік:– Я да курыльшчыкаў стаўлюся са спачуваннем, бо гэта людзі, якія самі сябе губяць. Гавару не галаслоўна: я курыў 13 гадоў, а потым, 25 гадоў таму, сабраўся з сіламі – і кінуў. Што прымусіла? Разуменне памылкі таго моманту, калі я пачаў курыць.
Ці цягне? Зусім не. Зараз, калі я ўбачу ў сне, што зноў закурыў – прачынаюся ў халодным поце.
Віталь, вадзіцель:– Я куру тры гады. Пачаў падчас службы ў арміі. Нічога дрэннага ў гэтай звычцы не бачу.
Асабіста мне курыльшчыкі не перашкаджаюць, аднак месцы для курэння ўжо даўно трэба абмяжоўваць. Але і тут хапае сваіх нюансаў, якія адразу ўважліва разгледзець, па потым зацвярджаць, каб потым не давялося яго перапрацоўваць.
Антон ЧЫК, фота аўтара.
