"Репортёр выходит в свет". Как вы относитесь к курению?

У чацвер, 20 лістапада, адзначаўся Міжнародны дзень адмовы ад курэння. Але, нягледзячы на магутную прапаганду і агітацыю, армія курыльшчыкаў меншай не становіцца – на змену тым, хто кінуў, прыходзяць новыя аматары труціць сябе і іншых.

“А як да курыльшчыкаў і да курэння ўвогуле адносіцеся вы?” – з гэтым пытаннем і падыходзіў да прахожых на вуліцах Астраўца наш карэспандэнт.


Максім Грэйць, зваршчык СВК “Міхалішкі”:

– Я куру ўжо гады тры. Пачалося неяк спантанна: сябры “палілі”, я пару разоў за кампанію з імі паспрабаваў – і ўцягнуўся. Канешне, разумею, што гэта дрэнна, але кінуць пакуль не атрымліваецца. Самы хуткі спосаб кінуць, лічу, – калі прыцісне здароўе. Тады ўсе адразу адмаўляюцца ад цыгарэт.

А наконт таго, што я шмат грошай трачу на цыгарэты: тыя, хто не курыць, трацяць свае “кроўныя” на нешта іншае – цукеркі, шакаладкі. У абарону маёй слабасці ёсць анекдот. “Два сябры размаўляюць: – Чаму ты не кінеш “паліць”? Адразу грошы з’явяцца! Можна паехаць за мяжу нават. – А ты сам курыш? – Не. – Дык чаму дагэтуль тут?”


Ігар Сяржанаў, дырэктар ЧУП “Календула”:

– Я куру час ад часу. На рыбалцы гэта сапраўды расслабляе. У мяне гэта хутчэй забава, чым дрэнная звычка. Я разумею, калі чалавек перахваляваўся ці расперажываўся – тады рука сама цягнецца за цыгарэтай. Але курыць сістэматычна – дрэнна. А наконт таго, што кінуць складана, скажу, што зараз ёсць спецыяльныя сродкі для тых, хто хоча “завязаць“: напрыклад, гумка “Нікарэттэ” ці спрэй супраць курэння.


Вольга Суздалева, у дэкрэтным адпачынку:

– Некалі, яшчэ падлеткам, як і многія мае аднагодкі, паспрабавала курыць. Пад маімі вокнамі якраз знаходзілася школьная “курылка” і мне было не зразумелым, што ў гэтым такога незвычайнага? А зараз не куру. І да курыльшчыкаў адносіны ў мяне адмоўныя, хоць і разумею, што ў многіх з іх залежнасць ад тытуню хутчэй псіхалагічная, чым фізічная. Мой муж, напрыклад, некалькі разоў кідаў курыць, а потым зноў пачынаў…


Сяргей Сянюць, будаўнік:

– Я куру ўжо восьмы год. Думаў неяк кінуць, паспрабаваў – не атрымалася, відаць, сілы волі не хапае. А пачыналася ўсё як дзіцячае свавольства, якое ператварылася ў дурную звычку. Прымусіць кінуць курыць можа толькі стан здароўя, і ніякія прапаганды і довады не дапамогуць. Да іншых курыльшчыкаў адношуся нейтральна – да таго часу пакуль яны не пачынаюць “травіць” дзяцей. Хаця, варта адзначыць, і дзеткі зараз такія пайшлі! Нядаўна каля школы бачыў, як вучні, прыкладна 7-8 класа прама за вуглом курылі. Хай бы хлопцы, а і то дзяўчаты.


Кацярына Бурак, вучаніца 10 класа гімназіі:

– Не куру і не спрабавала! У маёй сям’і ніхто не курыць, і я нічога прыгожага ці крутога ў гэтым не бачу. Мае аднакласнікі, здаецца, таксама не кураць. Лічу, што курыць ці не – асабісты выбар кожнага, галоўнае, каб тытунёвы дым не перашкаджаў іншым. Нехта, каб агарадзіць іншых людзей, “дыміць” на вуліцы, другі – пераходзіць на электронныя цыгарэты. Але лепш за ўсё – увогуле не паліць.


------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.