"Репортёр выходит в свет". Как вы относитесь к празднику День Октябрьской революции?
1
97 гадоў таму вялікія падзеі паклалі пачатак вялікаму перадзелу свету. Шмат гадоў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаўся на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза як галоўнае свята. У наш час гэты дзень застаўся “чырвоным” толькі ў Беларусі, Кіргізіі і Прыднястроўі.А як сёння адносяцца да падзей тых дзён беларусы? Патрэбна нам гэтае свята ці не? Гэтыя пытанні і задаваў сваім рэспандэнтам журналіст “АП”.
Яўгеній Якушчонак, пенсіянер:– Вядома, гэтае свята патрэбна! Чаму? Ну, так заведзена. Заўсёды ў гэты дзень мітынгі праводзіліся, шэсці, сцягі чырвоныя вывешваліся, людзі хадзілі вясёлыя. Я сам заўсёды прыходзіў у гэты дзень на плошчу, са сваімі супрацоўнікамі тут сустракаўся. Сумесна адзначалі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Віктар Клімовіч, майстар па будаўніцтву:– Я нарадзіўся ў той час, калі гэты дзень быў сапраўдным Святам з вялікай літары: людзі адзначалі яго шчыра, весела і з душой. Раней, на мой погляд, усе святы – і 1 мая, і 9 мая, і 7 лістапада – святкаваліся больш шчыра, чым зараз. Ва ўсялякім выпадку, на маёй радзіме, ва Усходняй Беларусі.
Хаця для большасці маладых людзей, як я бачу, сёння Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі нічога не значыць. Так, звычайны дзень ў календары.
Тарэса Вялікая з унукам Анатолем, гардэробшчыца гімназіі №1:– Напэўна, я ніяк не адношуся да свята Кастрычніка. Добра, канешне, што будзе выхадны дзень, але святам яго не лічу. 1917 год, на маю думку, – адзін з “чорных” перыядаў у гісторыі нашай краіны, бо пасля тых падзей людзей мэтанакіравана адвучвалі працаваць і думаць.
Раней у гэты дзень, памятаю, народ выходзіў на мітынгі, але так трэба было дзяржапарату, так трэба было агітатарам і прапагандыстам, а не простым людзям.
Клаўдзія Альхімовіч, пенсіянерка:– Я гэта свята прызнаю і вітаю! Гэта – наша памяць, наша гісторыя. Мне ўжо 87 гадоў, я і вайну бачыла, і ў лагеры была, і добра памятаю, як потым было, пасля вайны. Шкадую, што СССР распаўся, бо лічу, што тады хоць жылі і небагата, але затое дружна, радасна, весела. І Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі неяк больш урачыста адзначалі, не тое, што зараз. Хацелася б, каб і сёння яго святкавалі гэтак жа весела – усёй вуліцай, пад’ездам, домам. Але час, напэўна, зараз іншы. Людзі цяпер больш эгаістычныя, толькі пра сябе і пякуцца, не тое, што раней.
Алена Якубцэвіч, прыбіральшчыцца НІАЭП:– Вялікае свята было, вясёлае. Настальгія ахоплівае. У мяне з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі звязаны толькі добрыя ўспаміны. Шкада, што такія даты забываюцца. Усё ж гэта наша гісторыя, наша мінуўшчына. Вядома, зараз можна прызнаваць гэты дзень ці не прызнаваць, але ад гэтага падзеі тых дзён не зменяцца. Гэта было, і пра гэта трэба памятаць.
--------------------------------------
Антон Чык, фота аўтара.
