"Репортёр выходит в свет". Как вы отметили День Независимости Республики Беларусь и чем занимались на выходных?
На мінулым тыдні беларусы адзначалі галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці. У сувязі з пераносам рабочых дзён усіх яшчэ чакала чатыры дні выхадных.Вось і вырашылі журналісты “АП” высветліць, як адзначылі свята і чым займаліся у выхадныя дні жыхары і госці Астравеччыны?
Юрый Тарашкевіч, абітурыент:– Апошнія дні для мяне – проста бясконцы адпачынак, таму я і Дзень Незалежнасці асабліва не адзначаў. Як звычайна, адпачываў дома. Старэйшыя сёстры на выхадныя прыязджалі – з імі ўвесь час і правёў. Па тэлебачанні, праўда, 3 ліпеня глядзеў увечары парад у Мінску.
Антон Сямашка (без фота):
– Якія там выхадныя? Я кожны дзень на дачы працаваў, трэба хату “да розуму” даводзіць – вось і займаўся рамонтам. Штодня ранкам ішоў на аўтобус да Філіпан, там дзень працаваў, ўвечары – назад, на Астравец. Так напрацуешся, што толькі адна думка: “Хутчэй бы да падушкі дабрацца!” Крыху яшчэ парад па тэлевізары паглядзеў вечарам… А так нават на салют не пайшоў – ні сіл, ні жадання не было.
Ліза Колышка, вучаніца 4 класа Гудагайскай сярэдняй школы:
– На мінулым тыдні мы з мамай тут, у Астраўцы, глядзелі парад, мітынг, а потым пайшлі ў лесапарк. Цэлы дзень гулялі і адпачывалі. Мама мне купіла піцу, салодкую вату і яшчэ шмат чаго. З Дня Незалежнасці найбольш запомніўся салют.
А яшчэ на мінулым тыдні да нас у госці прыязджала мая стрыечная сястра Яна, з якой мы ўсе выхадныя гулялі разам.
– У нас на працы, на пляцоўцы будаўніцтва АЭС, выхадных не бывае, таму нават у святочны для ўсёй краіны дзень мы працавалі. Але працоўны час у нас з 7.00 да 20.00, таму я і мае суседзі яшчэ паспелі ў святочны дзень па Астраўцы прайсціся і салют паглядзець.
Хачу адзначыць, што святкаванне было арганізавана на добрым узроўні, п’яных на вуліцах не было, а ўсе сустрэчныя – вельмі шчаслівыя і ўсмешлівыя. Некаторыя нават танцавалі.
– Добра адпачыла ў гэтыя дні, шмат знаёмых сустрэла, да пляменніц схадзіла ў госці. Дома сваімі справамі займалася. Жыву я непадалёк ад лесапарку, таму на Дзень Незалежнасці можна было, не выходзячы з кватэры, глядзець канцэрт. Малайцы нашы артысты – добра выступілі.
Тэлевізар час ад часу ўключала. Вельмі парад мне мінскі спадабаўся: людзі ўсе прыгожыя і шчаслівыя, тэхніка сучасная і моцная. Ну, яшчэ шмат там гасцей з замежжа бачыла. Малайцы нашы людзі: паказалі свае таленты і ў спорце, і ў культуры, і ў ваеннай падрыхтоўцы, і ў мірным жыцці.
------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК.
Фота Кацярыны СЯРГЕЙ.


