"Репортёр выходит в свет". Как война и Победа повлияла на судьбу вашей семьи?
Дзень Перамогі, як спяваецца ў вядомай песні, – гэта свята са слязамі на вачах… Яно паліта крывёю нашых дзядоў і прадзедаў. І памятаць пра гэта трэба заўсёды.Напярэдадні 9 Мая наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы горада, каб запытацца ў прахожых, які ўплыў зрабіла вайна і Перамога на лёс іх сям’і.
– 9 Мая для мяне – самае галоўнае свята краіны. Я з павагай і пашанай адношуся да тых людзей, якія прыносілі на алтар перамогі сваё здароўе і жыццё.
Пра сваіх дзядуль і бабуль я мала што магу расказаць. Ведаю толькі, што сястра маці на фронт пайшла пад канец вайны, пасля таго, як нас вызвалілі. Ды яшчэ што бацьку, ён тады быў падлеткам, вывезлі ў Германію працаваць на фабрыцы. А пасля заканчэння вайны ён вярнуўся ў Беларусь.
– На жаль ці на шчасце, але з маіх продкаў у Вялікай Айчыннай вайне ніхто не ўдзельнічаў: дзядулі і бабулі
былі ўжо даволі старыя для фронту, а бацькі яшчэ толькі нараджаліся. Але нельга сказаць, што вайна не закранула маю сям’ю. Наколькі я ведаю, мае дзядуля і бабуля ніколі і нікога не пакідалі ў бядзе і чым маглі дапамагалі людзям, у якіх не было нават кавалка хлеба.
– Наколькі я ведаю, з маіх продкаў у баях ніхто не прымаў удзел. Хаця магу і памыляцца, бо сваіх дзядуль і бабуль я памятаю дрэнна – даўно іх ужо з намі няма, а бацькі на гэтую тэму мала што расказвалі.
Падзеі той вайны, тыя ахвяры, зверствы і катаванні павінны вучыць нас заставацца цывілізаванымі людзьмі і заўсёды шукаць мірныя шляхі для вырашэння самых цяжкіх пытанняў.
– Мой прадзед Эдуард Канстанцінавіч Несцераў падчас Вялікай Айчыннай вайны быў лейтэнантам. У 41-ым годзе патрапіў на фронт. Загінуў у 1943-ім, наколькі я ведаю, падчас паліцэйскай аблавы.
Тая вайна, як і любая іншая, нікому была не патрэбна – адны толькі слёзы і кроў. Але пасля тых выпрабаванняў, мы, беларусы, сталі мацнейшымі.
– Дзед у мяне ваяваў. Ён родам з Кубані, прайшоў усю вайну, быў кантужаны, але дайшоў да Берліна. А па мацярынскай лініі шмат хто з продкаў змагаўся з нацыстамі, праліваў кроў у імя свабоды.
Раней не размяжоўвалі людзей па нацыях – беларус, літовец, украінец, рускі – усе былі адзіным народам. Не тое што зараз…
------------------------------------
Антон Чык, фота аўтара.





