"Репортёр выходит в свет". Как часто вы вспоминаете своих предков?

Не намі сказана: хто не памятае свайго мінулага – не мае будучыні. Нашы дзяды і бабулі, бацькі і матулі, якія ўжо адыйшлі ў лепшы свет, жывуць, пакуль мы іх помнім.
Каб высветліць, ці часта нашы людзі ўспамінаюць сваіх продкаў і наведваюць іх на месцы іх апошняга прытулку, выйшаў на вуліцы горада наш рэпарцёр.



Яніна Блажэвіч, пенсіянерка:
– Як мая душа запатрабуе, так я на могілкі і збіраюся. Там неяк спакойна і дыхаецца лягчэй. Да таго ж сумленне не дазваляе не прыглядваць за могілкамі. Сын мой і дачка са мной туды часта наведваюцца, дапамагаюць даглядаць магілы. Ехаць ёсць да каго: бацькі ляжаць у Гудагаі, муж – у Астраўцы, бацькі мужа – у Быстрыцы.
Унукам я часта расказваю пра нашу сям’ю: што прабабулі сваёй гаспадаркай займаліся, адзін прадзед быў конюхам, жыў мірна і ў згодзе з людзьмі, другі – лесніком і ў абедзвюх Сусветных войнах паваяваў за нашу Беларусь, за што і меў узнагароды.



Вераніка Грыва, пенсіянерка:
– Я на могілкі часта хаджу, шмат у мяне родных адышло ў лепшы свет: тата каля касцёла ляжыць, а праз дарогу – дзядуля, матуля ў Палушах пахавана.
Продкаў сваіх я памятаю, але ўзрост – ужо мала што расказаць пра іх магу. Ведаю, што з простых людзей яны былі, на зямлі сваёй працавалі шмат.



Алена Багдановіч, вучаніца 9 класа Гудагайскай сярэдняй школы:
– Я часта на могілках бываю ў бабулі. Яна тут, у Астраўцы, пахавана. Калі яна памерла, я яшчэ невялікая была, але памятаю, што бабуля добрая была, вясёлая. Калі я да яе прыходзіла, заўсёды мяне цукеркамі і пернікамі частавала. Мне пра яе дзядуля расказвае. Кажа, што пакуль бабуля жывая была, яны ў кватэры амаль не сядзелі, увесь час у лес па грыбы ды ягады хадзілі ды на дачы працавалі.



Алена Дубіцкая, пенсіянерка:
– Як вясна пачынаецца, так я на могілкі і хаджу да самых маразоў. Хто, калі не я, будзе тут сачыць за парадкам? Радні ў мяне шмат раней было…
А на святы, калі ўся сям’я збіраецца разам, я дзецям ды ўнукам сваім расказваю пра родных нашых. Каб ведалі, каб памяталі...



Станіслаў Нагорскі, будаўнік:
– Наколькі я памятаю і як мне расказвалі мае бацькі, мае бабулі і дзядулі былі з простых сялян, працавалі паляводамі, былі працалюбівымі. Людзі на вёсцы ўвогуле, лічу, заўсёды з большай пашанай да працы адносяцца.
На могілкі да сваіх родных хаджу перыядычна, звычайна перад святамі. І на гэтыя выхадныя таксама збіраюся: трэба свечкі паставіць за спачын іх душы.



----------------------------------------

Антон Чык, фота аўтара.