"Репортёр выходит в свет". Как часто вы пользуетесь автобусом?
2
На гэты раз карэспандэнт “Астравецкай праўды” выйшаў на вуліцы райцэнтра, каб высветліць, ці часта астраўчане карыстаюцца такім відам транспарту, як аўтобус.– Ездзіць мне прыходзіцца два разы на тыдзень і яшчэ па выхадных да бацькоў у Альхоўку. Калі я карыстаюся аўтобусамі, ніякіх недарэчнасцяў не здараецца. Аўтобусы камфортныя, хуткія, з музыкай.
Ведаю, што зараз па маршруце Астравец-Смаргонь курсіруе аўтобус на Еўраопт. Сама не ездзіла, але людзі, што карысталіся ім, задаволены.
– Карыстаюся аўтобусамі 1-2 разы на тыдзень.
Шкада, што зараз на Ашмяны зменшылі колькасць рэйсаў – стала праблематычна дабірацца.
На Супраненты таксама ў абедзенны час патрапіць можна толькі па аўторках і пятніцах. У іншыя дні трэба чакаць на аўтастанцыі да вечара. Ну, а калі пільная патрэба, то даедзеш да Альхоўкі, а потым – пешшу. Хаця адлегласць не вельмі вялікая, але калі студэнты прыязджаюць, з сумкамі цягнуцца – шкада на іх глядзець.
– Калі трэба ў бальніцу пад’ехаць ці па якіх асабістых справах “падскочыць” у Астравец, то катаюся на нашых аўтобусах. Са станцыі Гудагай, дзе я жыву, да райцэнтра дабрацца лёгка – транспарт часта ходзіць.
А задавальненне ад паездкі на аўтобусе залежыць ад вадзіцеля. Часам здараецца, што спазняешся на прыпынак, а аўтобус ужо едзе. Махнеш рукой – маўляў, прытармазі – а вадзіцель нос адверне, быццам і не бачыць цябе. А іншы – прытармозіць, возьме.
– Дрэнна аўтобусы ходзяць. Я жыву ў Валэйкунах. Сёння ранкам прыехала ў бальніцу, а вяртацца няма чым. У абед ніякіх маршрутаў да нашай вёскі няма. Аўтобусы едуць толькі да Варнян, Міхалішак ці да Газы, а адтуль дадому яшчэ колькі тэпаць! Я зараз на “нарачанскім” буду дабірацца: да Мішлян, а там – ножкамі... Адно дзякуй Богу, што рэдка выязджаю, ды месца саступаюць маладыя, калі трэба.
– Карыстаюся я аўтапаслугамі часта – кожны тыдзень, калі еду з вучобы ці вяртаюся назад. Аўтобусы задавальняюць, абслугоўванне таксама на ўзроўні, але лічу, што можна было б крыху падправіць расклад, каб па некаторых маршрутах аўтобусы курсіравалі часцей.
Мне, напрыклад, трэба на Міхалішкі. Канешне, зараз у бок АЭС часта ідуць аўтобусы і аўтамабілі, але я неяк пабойваюся ехаць аўтаспынам. Ды і ўсё роўна потым трэба думаць, як ад станцыі да Міхалішак даехаць. Таму вось і чакаю трэцюю гадзіну свой аўтобус.
------------------------------------
Антон Чык, фота аўтара.





