"Репортёр выходит в свет". Как часто и с каким настроением вы приходите в родную школу?
Адпраўляючыся ў дарослае жыццё, мы абяцаем сваім настаўнікам, сябрам і ў першую чаргу самім сабе не забываць гады, праведзеныя пад дахам школы, якая стала нам другім домам.А як часта і з якім настроем вы прыходзіце ў сваю родную школу? Гэта і высвятляў у сваіх рэспандэнтаў наш карэспандэнт.
Валянціна Кавалевіч:– У родную школу, былую другую, заўсёды заходжу ў цудоўным настроі, бо аб ёй у мяне засталіся толькі добрыя ўспаміны. А зараз і мой сын ходзіць у гэтую ж школу.
Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як мы закончылі школу, таму мы з аднакласнікамі актыўна тэлефануем адзін аднаму і спісваемся – наколькі я ведаю, збіраюцца прыехаць усе, два чалавекі нават з краін Еўропы.
Нашым класным кіраўніком была Жана Паўлаўна Смольская, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Заўсёды прыемна сустрэць яе, пагаварыць… Зараз, калі я сама стала маці, то я разумею, як яна за нас у свой час хвалявалася і перажывала. І за гэта ёй вялікі дзякуй.
Максім Рэгель:– У роднай школе я бываю толькі на дзень сустрэчы выпускнікоў, бо знаходзіцца яна ў Гродне, а я жыву ў Смаргоні.
Кожную першую суботу лютага я ў радасным прадчуванні падыходжу да дзвярэй сваёй роднай школы №31, бо ведаю, што праз некалькі хвілін сустрэну знаёмыя твары.
Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як мы пайшлі ў самастойнае жыццё. Трэба адзначыць, што за гэты час мы ўсе моцна памяняліся, многія сталі начальнікамі і кіраўнікамі. І раскідала нас па свеце: некага занесла ў Расію, некага – у Еўропу, а некаторых – нават у Амерыку і Канаду. З 31 аднакласніка зараз у Беларусі засталося толькі 11, а ў Гродне працуе чацвёра.
Анатоль (без фота):
– Сёлета спаўняецца 45 гадоў, як я закончыў школу. На падобныя сустрэчы я не хаджу, бо, па-першае, не люблю такія “юбілеі”, а па-другое, шмат ужо гадоў прайшло, як мы “выпусціліся”, мала адзін аднаго памятаем, ды і многіх нашых настаўнікаў ужо няма. А гэта быў, я лічу, “залаты” педагагічны фонд Астравеччыны: былы загадчык РАНА, настаўнік гісторыі Міхаіл Іванавіч Пырачкін, заслужаны настаўнік біялогіі Кацярына Іванаўна Філатава, настаўнікі матэматыкі Соф'я Канстанцінаўна Алейнік, геаграфіі Мікалай Канстанцінавіч Алейнік, беларускай мовы і літаратуры Ганна Мікітаўна Ігнатовіч...
Рамуальда Дзенісевіч:– Маёй роднай школы ўжо няма. Будынак – ёсць, а школу ў Вялікіх Якентанах закрылі. Ды і гадоў ужо шмат прайшло, як закончыла васьмігодку, калі дакладна – 35. Час ад часу, калі я праходжу ці праязджаю міма былой школы, гляджу на яе, успамінаю шчаслівае дзяцінства, шукаю тое акно, у якое я паглядвала падчас заняткаў.
Са сваімі аднакласнікамі, прынамсі, з тымі, якія жывуць на Астравеччыне, я час ад часу сустракаюся на вуліцах горада – размаўляем, дзелімся навінамі. Але многіх не бачыла шмат гадоў – раскідала нас жыццё: некага ў Гродна занесла, іншых – у Вільню…
---------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
