"Репортёр выходит в свет". Как бороться с тунеядцами?

1
У апошні час тэмай нумар адзін, якую абмяркоўваюць падчас абедзеннага перапынку ў магазінах і грамадскім транспарце, стаў Дэкрэт №3, які ў народзе называюць “законам аб дармаедстве”. Тыя, хто і надалей не збіраецца працаваць і прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў, можа на год “адкупіцца” за 20 базавых велічынь (3,6 мільёна рублёў). У іншым выпадку чалавека чакае адміністрацыйная адказнасць: грамадскія работы, штрафы…

Мы папрасілі жыхароў Астраўца і нашага раёна выказаць сваё меркаванне наконт гэтага пытання.


Міхаіл Эдвардавіч Кандратовіч, ляснік Палушскага лясніцтва:

– Ведаю людзей, якія ўсё жыццё лайдачаць, нідзе не працуюць. Менавіта на такіх дармаедаў і павінен распаўсюджвацца Дэкрэт. Зразумела, што ёсць людзі, якія па пэўных прычынах працаваць не могуць. У кожным такім выпадку павінны разбірацца на месцы адказныя службы і прымаць рашэнне.


Валянціна Генрыкаўна Рогач, астраўчанка:

– Я таксама трапляю пад гэты Дэкрэт. Муж – індывідуальны прадпрымальнік, усе дакументы аформлены на яго, хоць працавалі абое, а зараз і мне трэба ўладкоўвацца на працу.

Даць адназначную адзнаку гэтаму закону не магу. Напрыклад, чаму жанчына, муж якой добра зарабляе і грашовая сітуацыя дазваляе ёй займацца дзецьмі і домам, будзе лічыцца дармаедкай? Трэба ўлічыць усе нюансы і тонкасці, якіх, вядома, вельмі шмат.


Алена Генадзьеўна Пілецкая, намеснік начальніка інспекцыі МПС Рэспублікі Беларусь па Астравецкім раёне:

– Заканадаўчы дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання. Дэкрэт №3 быў апублікаваны 2 красавіка 2015 года.

Зразумела, што ў спецыялістаў падатковай інспекцыі прыбавіцца работы, таму што ўсе беспрацоўныя і асобы, што працавалі менш чым 183 дні, павінны будуць заплаціць падаткі – а гэта 20 базавых велічынь.

Лічу, што Дэкрэт патрэбен, таму што ўсе грамадзяне – працуючыя і беспрацоўныя – аднолькава карыстаюцца дзяржаўнымі дабротамі: атрымліваюць бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, адукацыйныя паслугі...


Уладзімір Іванавіч Ношчанка, пенсіянер:

– За вырашэнне праблемы дармаедства даўно трэба было брацца. Некаторыя людзі не працуюць і няблага жывуць – дамы, машыны… Узнікае заканамернае пытанне: адкуль грошы?

Усе падаткі, якія плацяць працаздольныя грамадзяне, ідуць у дзяржаўную казну. Менавіта з яе і фінансуецца сацыяльная сфера – ахова здароўя, адукацыя. Хочаш, каб цябе бясплатна лячылі і твае дзеці вучыліся ў школе, – плаці падаткі. Думаю, цэнтр занятасці можа прапанаваць розныя варыянты беспрацоўным грамадзянам. У іншым выпадку – прымусовыя работы, таму што кожны павінен думаць аб сацыяльнай галіне. Калі сам чалавек не клапоціцца пра сябе, то чаму дзяржава павінна гэта рабіць?


Вольга Ізыдораўна Мельдзюк, настаўніца Міхалішкаўскай СШ (фатаграфавацца адмовілася):

– Такі закон, магчыма, і патрэбен, аднак абавязкова трэба ўлічваць, што ёсць людзі, якія не працуюць не таму, што не хочуць, а таму, што не могуць. У некаторых праблемы са здароўем, але з-за бюракратычных працэдур яны не маюць групы інваліднасці.

Дармаед – гэта той, хто лынды б’е, як кажуць у народзе. Вось на такіх людзей і павінен распаўсюджвацца гэты Дэкрэт. А вось медыцынскія паслугі павінны быць па-ранейшаму даступныя для ўсіх людзей – нельга ж пакінуць без увагі хворага чалавека! Дзеці таксама павінны вучыцца бясплатна – яны не вінаватыя ў тым, што іх бацька – гультай і п’яніца.


-----------------------------------------------------------------------------

Меркаванні запісвала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.