"Репортёр выходит в свет". К школе готовы?
Заўтра ва ўсіх школах нашай краіны празвіняць званкі, якія дадуць пачатак новаму навучальнаму году.За некалькі дзён да гэтай значнай падзеі наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць, ці падрыхтаваліся да 1 верасня астравецкія бацькі і іх дзеці?
Таццяна Цэруш, аператар машыннага даення КСУП “Міхалішкі” з сынам Аляксандрам:– Самае неабходнае набылі, але яшчэ трэба пабегаць па магазінах. У Міхалішках купілі канцылярскія прыналежнасці, а вось за адзеннем і абуткам прыехалі ў Астравец.
У мяне зараз два навучэнцы: Саша – школьнік, а Ігар – студэнт 2-га курса Ашмянскага каледжа. На падрыхтоўку абодвух да вучэбнага года дзесьці па 300 рублёў аддала. Добра, што старэйшы сын крыху дапамагае – адной выпраўляць дзяцей на вучобу складана.
Анжаліка Дарашкевіч, студэнтка 2 курса аграрна-тэхнічнага каледжа, Ксенія Клусевіч, вучаніца 9 класа СШ №2: Анжаліка:
– Да заняткаў у школе рыхтавацца, мне здаецца, значна прасцей, чым да каледжа ці да інстытута: у першым выпадку больш хвалююцца бацькі...
А вось падчас вучобы ў каледжы за ўсё адказваеш сам – а тут складана ўсё падлічыць і правільна размеркаваць: грошы заканчваюцца ў самы непадыходзячы момант.
Ксенія:
– Да таго ж, калі рыхтуешся да школы, прыкладна ведаеш, што трэба: колькі сшыткаў, якая “канцылярыя”, што з аддзення. А калі чаго няма – ведаеш, дзе гэта можна дакупіць.
Я да школы пачала рыхтавацца прыблізна паўтара месяцы назад – прыглядвалася да адзення, абутку. А вось канцылярскія прыналежнасці набыла літаральна некалькі дзён назад.
Валянціна Паршутовіч, аператар машыннага даення СВК “Гудагай”:– У мяне дачка пойдзе ў 6 клас. Да школы яна падрыхтавана працэнтаў на 80: засталося падабраць спартыўнае аддзенне і абутак.
Рыхтавацца мы пачалі напачатку ліпеня, бо калі ўсё, што трэба купіць за адзін раз – а на гэта рублёў 500 спатрэбіцца, – то есці не будзе за што.
Андрэй Урбановіч, арматуршчык ААТ “Гроднапрамбуд”, з жонкай Кацярынай, сынам Ігнатам і дачкой Евай:– У гэтым годзе нам пра школу думаць яшчэ рана, але ў наступным Ігнат пойдзе ў першы клас, таму трэба будзе вясной ужо заняцца невялікімі закупкамі. Адзенне, зразумела, будзем набываць летам, бо дзіця за некалькі месяцаў можа падрасці.
Мне здаецца, што пры жаданні ўсё неабходнае можна набыць у Астраўцы. На якую суму разлічваю? Калі верыць тэлебачанню, то можна за 200 рублёў сабраць дзіця ў школу.
Кацярына (перабівае мужа):
– Добра калі ў 500 укладзешся: то тое забыліся, то гэта недакупілі – а грошыкі капаюць. А наконт набыцця ўсяго неабходнага ў Астраўцы – спрачацца не буду. Аднак, лічу, калі не паленавацца і паездзіць па вялікіх кірмашах Смаргоні, Маладзечна і Мінска, то можна значна зэканоміць.
Антон ЧЫК, фота аўтара.
