"Репортер выходит в свет". Где вы покупаете продовольственные товары?
“Есці, каб жыць, а не жыць, каб есці”, – так лічыў Сакрат. Але без яды чалавек існаваць не можа, таму раз-пораз заходзіць у магазін. Хтосьці зварочвае ў краму каля дома раз на тыдзень, каб закупіцца “па поўнай”, а нехта – кожны дзень кіруе ў новае месца, каб узяць крышачку таго, кавалачак гэтага.А дзе і колькі харчовых тавараў набываюць жыхары нашага райцэнтра, высвятляў наш карэспандэнт.
Альберт Александровіч, аддзел адукацыі, спорту і турызму, вадзіцель (без фота):
– Я ў магазіны хаджу рэдка, толькі калі нешта тэрмінова купіць трэба ці нечага дома не хапае, а ў асноўным “харчовай бяспекай” нашай сям’і займаецца жонка. Перавагу аддаём бліжэйшым магазінам – “Анастасіі” і “Кляноваму лісту”.
Бывае, выбіраемся ў смаргонскі “Еўраопт” і закупляемся там “па поўнай”.
Мая жонка працуе ў санстанцыі, таму за якасць прадуктаў я не хвалююся – яна ведае, на што звяртаць увагу пры пакупцы.
Святлана Лакомая, Дом быта, кравец:– Напэўна, часцей за іншыя крамы я наведваю магазін “Вікторыя”, бо ён у некалькіх кроках ад работы. Па дарозе дамоў часта заходжу ў “Івушку”. І ў першым, і ў другім магазінах мяне ўсё задавальняе – і якасць, і абслугоўванне.
Што і дзе купляю? У “Вікторыі” звычайна бяру лідскі хлеб, у “Івушцы” – наш, астравецкі, а яшчэ свежыя булачкі. Малаку аддаю перавагу смаргонскаму, а вось за мясам выязджаю ў Ашмяны – там гандлюе знаёмы прыватнік – бяру шмат, таму хапае надоўга.
Аксана Замара, індывідуальны прадпрымальнік:– Звычайна набываю прадукты па дарозе з працы дамоў. У “Мясной лаўцы”, “Ліры” і ў краме “На вуглу”. Заўсёды звяртаю ўвагу на тэрмін захоўвання.
Купляю няшмат – звычайна на адзін раз. А калі нешта дадаткова спатрэбіцца, сына Глеба адпраўляю ў магазін.
Вядома, калі выязджаю некуды за межы раёна, то магу і ў вялікіх аптовых магазінах набыць прадукты. Аднак у выніку атрымліваецца, што набіраеш на вялікія сумы, а паесці ўсё роўна хапае на два-тры дні. Неэканомна выходзіць.
Святлана Макевіч, цырульнік:– Я жыву з бацькамі, яны за нашым халадзільнікам і сочаць. А я больш па дробязях нешта купляю, таму наведваю, звычайна, магазіны па дарозе з работы. Любімы магазін – “Гермес”: вялікі асартымент, добрая якасць і нізкія цэны.
Час ад часу мы выязджаем у вялікія магазіны кшталту “Роднага кута” і “Еўраопта” – тады ўжо вялікія сумкі ўсяго і набіраем.
Аляксандр, вадзіцель (без фота):
– У нашых магазінах, у мяне такое ўражанне складваецца, усе прадукты з золата. Я на “атамку” важу людзей, дык часта ад хлопцаў чую, што ў іх дома ўсё значна таннейшае.
А яшчэ я ў сераду і нядзелю важу людзей на бясплатным аўтобусе ў смаргонскі “Еўраопт” і сам там набываю прадукты. Лічу, што гэта і прасцей, і танней, і хутчэй атрымліваецца – усё можна ўзяць у адным вялікім магазіне.
Шмат маіх знаёмых заказваюць прадукты з “Еўраопта” праз інтэрнэт. Незадаволеных, здаецца, няма.
-----------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
