"Репортёр выходит в свет". Достаточно ли в "районке" информации о родном крае?
Астравецкі раён некалькі апошніх гадоў вызывае цікавасць не толькі ў Беларусі, але і ў нашых бліжэйшых і далёкіх суседзей. Амаль кожны тыдзень нехта прыязджае сюды: то японцы, то расіяне, то літоўцы ці палякі. Даволі часта між такіх візіцёраў “хаваецца” карэспандэнт замежных ці айчынных сродкаў масавай інфармацыі, які потым праз прызму свайго светаўспрымання раскажа пра Астравеччыну тым, хто яе ніколі не бачыў. І тады ахоплівае пэўны гонар за раён, пра які ведаюць далёка за яго межамі.А вось цікава, ці хапае самім астраўчанам інфармацыі пра родны край? Каб атрымаць адказ на гэтыя пытанні, і выйшаў у свет рэпарцёр “раёнкі” напярэдадні прафесійнага свята – Дня друку.
Клеменція Садоўская, пенсіянерка:
– Я нашу “Астравецкую праўду” вельмі люблю і заўсёды яе выпісваю. Кожны нумар чытаю і разглядваю літаральна да “дзірак”. Як бяру газету ў рукі, то адразу адкладваю ўбок праграму тэлеперадач, потым чытаю апошню і першую старонкі, далей тое, за што зачэпіцца вока, а затым ужо – усё астатняе. Як мне здаецца, у газеце хапае матэрыялаў – як афіцыйных, так і творчых. Хаця рэкламы можна было б даваць паменей.
Сказаць, якая мая любімая старонка, не магу, бо мне даспадобы яны ўсе. А вось любімы аўтар – гэта рэдактар “астраўчанкі” Ніна Рыбік: зараз вось кожны нумар з нецярпеннем чакаю працягу “Скрыжаванняў” – чым там усё закончыцца?
Аляксандр Заянкоўскі, афіцыянт:
– Раённую газету чытаю кожны раз, як яна мне трапляе ў рукі. Пачынаю адразу з рэкламнага дадатку, а менавіта з куплі-продажу – хачу быць “у тэме”: што, дзе і пачым у нашым раёне і не толькі зараз можна набыць ці прадаць.
Мяняць напаўненне газеты, на мой погляд, не трэба – зараз у ёй хапае ўсяго: і для моладзі, і для людзей старэйшага ўзросту ёсць што пачытаць. Можна было б, канешне, больш матэрыялаў даваць на рускай мове.
Эдуард Карвель, часова беспрацоўны (без фота):
– Нашу раённую газету я чытаю зрэдку. Любімых старонак, як і аўтараў, не маю, бо ў асноўным мяне цікавяць афіцыйныя старонкі – новыя законы і загады. Яшчэ міліцэйскія зводкі чытаць люблю. Як мне здаецца, у газеце нашай усяго хапае, самае галоўнае, што жыццё раёна апісваецца дасканальна, хоць і не заўсёды з ракурсу звычайнага жыхара раёна. І некаторыя тэмы трэба было б раскрываць больш дасканала – напрыклад, аўтамабільную тэматыку, а то зараз машын стала шмат – ноччу прачынаюся ад таго, што пад самымі маімі вокнамі грузавікі равуць!
Іосіф Сасноўскі, працаўнік СВК “Варняны”:
– Мясцовую прэсу амаль не чытаю, толькі калі ўжо больш чытаць няма чаго, то праглядваю – хто ажаніўся, хто памёр і хто каго віншуе. Міліцэйскія старонкі люблю прагледзець. А так я выпісваю “Советскую Белоруссию”, і мне яе хапае, бо там больш даецца інфармацыйных матэрыялаў, а іх зашмат, лічу, не бывае.
Галіна Гурштын з сынам Уладзіславам, работніца Гудагайскай СШ:
– “Астравецкую праўду” люблю, таму і выпісваю, і чытаю яе пастаянна. Хачу адзначыць, што апошнія нумары ідуць даволі “сухія”, інфармацыйныя, палітычныя, а душа і сэрца просяць чагосьці пра каханне… Чытаць газету пачынаю з віншаванняў, а вось спачуванні не чытаю ўвогуле.
Моладзі, на мой погляд, можна было б больш матэрыялаў прысвячаць, а то час ад часу нумары нейкія “ўзроставыя” выходзяць. А яшчэ хочацца, каб журналісты і карэспандэнты часцей выязджалі на раён, бо ў нас на Астравеччыне шмат прыгожых і цікавых мясцін і людзей, якія варта паказаць.
--------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.
