"Репортёр выходит в свет". Что вы знаете про своих предков?

1
репортер  + зацемкиЦі добра мы ведаем гісторыю сваёй сям’і? Ці зможам расказаць сваім нашчадкам нешта пра сваіх дзядуль і бабуль? Ці, як матылёк-аднадзёнка, бессэнсоўна адбудзем адведзены нам час, нічога не даведаўшыся пра свае карані?..
Што ведаюць астраўчане пра сваіх дзядуль і бабуль, кім яны былі і як жылі? З гэтым пытаннем і звяртаўся наш карэспандэнт да людзей на вуліцах горада.

репортер клепчуковаНаталля Клепчукова, сакратар:
– На жаль, сваіх дзядуляў я не застала, таму зусім нічога не ведаю пра іх жыццё. З татавай мамай я таксама мала мела зносін, затое бабуля Марыя шмат расказвала пра сваё жыццё.
Ведаю, што яна з дзядулем пачалі будаваць дом, але раптоўная хвароба “склала” дзядулю. І бабуля з двума малымі дзецьмі і хворым мужам на руках працавала ў калгасе за сябе і за яго, ды яшчэ і дом будавала, але ніколі не скардзілася, гаварыла: “Праца – гэта жыццё!” Урэшце і дзяцей выгадавала, і дом пабудавала. Сапраўды гераічная жанчына!

репортер ЮшкевичГенаэфа Юшкевіч, дарожны работнік:
– Калі я нарадзілася, маіх бабуль і дзядуль ужо на гэтым свеце не было. Бацькі, праўда, паказалі, дзе іх магілкі, таму я заўсёды іх наведваю, прыбіраю.
Кім яны былі? Бацькі мамы – з мясцовых, трымалі коней, апрацоўвалі зямлю. Бацькі таты – палякі, некалі пераехалі ў Беларусь, у Мураваную Ашмянку. З сабой нейкі гатунак сліў прывезлі, якіх тут не было да тае пары.

репортер Грейть2Леанід Грэйць, часова беспрацоўны:
– Наколькі я ведаю, абодва мае дзядулі не вярнуліся з фронта: адзін загінуў у Польшчы, а другі прапаў без вестак.
Таму, зразумела, бабулям цяжка было пасля вайны без мужыкоў: шмат чаго вынесці давялося, шмат чаго сцярпець, але выдзюжылі – працавалі ў калгасах, аднаўлялі краіну пасля вайны. І нягледзячы на гора і нястачу пражылі шмат: маці бацькі пражыла 83 гады, пахавана ў Шульніках, а маміна матуля – 98, яе магіла ў Міхалішках. Я стараюся па магчымасці наведваць іх, каб навесці парадак, паставіць свечку.

репортер Шпак + МасловскаяАліна Шпак і Насця Маслоўская, вучаніцы СШ №1.
Аліна:
– Бабуля Валя, татава маці жыве ў Астраўцы. А маміны бацькі – бабуля Жэня і дзядуля Вова – жывуць у Паставах. Я ў іх часта бываю. Яны трымаюць хатнюю гаспадарку: кролікаў, курэй, а таксама ў іх ёсць сабака і кот.
Аднак шмат пра сваіх блізкіх расказаць не магу. Не цікавілася.

Насця:
– Татава мама Валя жыве ў Астраўцы. Яна часта прыходзіць да нас у госці, каб пагутарыць з мамай і татам. Таксама да маёй цёці ходзіць – стрыечных братоў дапамае гадаваць.
А вось маміны бацькі, дзядуля Саша і бабуля Тамара, жывуць у Навасібірску. Я ў іх толькі адзін раз была, зусім маленькая, а яны да нас часцей прыязджаюць. Гэтым летам былі – падарункі прывезлі. А чым яны там займаюцца і дзе працуюць – я не ведаю.

---------------------------
Антон ЧЫК.
Фота аўтара.