"Репортёр выходит в свет". Что вы знаете о Владимире Короткевиче и его творчестве?
Уладзімір Караткевіч – класік беларускай літаратуры. З-пад яго пяра выйшла шмат паэтычных і празаічных твораў: апавяданняў, аповесцяў, раманаў, у тым ліку і гістарычных. А яго верш “Дом сябра” лічыцца паэтычным гімнам Астраўца.Што ведаюць пра Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча і яго літаратурную спадчыну жыхары Астравеччыны і госці райцэнтра, высветляў наш карэспандэнт. Адказы нашых землякоў, шчыра кажучы, не вельмі парадавалі – але якія ёсць…
Алена Юшкоўская, пенсіянерка з Ашмян:– Уладзімір Караткевіч – гэта знакаміты беларускі пісьменнік. Дарэчы, ён на Гродзеншчыне часта бываў і некалькі твораў прысвяціў нашым мясцінам. Напрыклад, “Чорны замак Альшанскі”.
Я раней шмат чытала, а зараз неяк больш з камп’ютарам сябрую – стараюся не адставаць ад часу. Чытаннем няма калі займацца.
Алег Шыць, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю:– Хто такі Караткевіч? Наш пісьменнік! А самы, напэўна, вядомы яго верш у нас – “Дом сябра”.
Аднак, прызнаюся шчыра, яго творы я чытаў даўно. Часу зараз не хапае на чытанне. Ды і літаратура – гэта не маё! Пра кнігі лепш з маёй жонкай Аксанай пагаварыце – яна пастаянна нешта чытае.
Аліна Грыгор’ева, пенсіянерка:– Караткевіч (задумваецца)? Не, не ведаю такога. Я ўвогуле кніг не купляю, бо на чытанне часу няма: свой дом, гаспадарка – работы штодня хапае. Адзінае, што магу пачытаць, – гэта наша “раёнка”. Астатнія газеты нецікавыя, і я іх не выпісваю.
Віктар Ліпскі, будаўнік:– Ведаю, што Уладзімір Караткевіч – гэта пісьменнік. Аднак што ён напісаў, да- кладна вам не адкажу.
“Дзікае паляванне караля Стаха”? Канешне, ведаю! Некалі ў школе чытаў. Але калі тое было? А зараз неяк да кніг рукі не даходзяць: работа, сям’я, дзеці, унукі... Прэсу яшчэ пагартаю, а за кніжкі не бяруся.
Ксенія Бараноўская, вучаніца 7 класа гімназіі №1:– Уладзімір Караткевіч – гэта беларускі пісьменнік. Мы яшчэ пакуль не праходзілі яго твораў, аднак нядаўна здымалі ў школе відэакліп на верш “Дом сябра”. Я там са сваім класам таксама “засвяцілася”.
Калі ў мяне будзе вольны час ці калі мы па праграме будзем праходзіць творчасць Караткевіча, я пазнаёмлюся з яго творамі бліжэй...
------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
