"Репортёр выходит в свет". Что вы выписываете и читаете?

Газет і часопісаў у нашай краіне выдаецца не адна сотня. Кожны чытач можа падабраць сабе нешта па гусце.

А якім перыядычным выданням аддаюць перавагу жыхары нашага раёна? Што яны выпісваюць і чытаюць? З гэтымі пытаннямі і падыходзіў да прахожых журналіст “АП”.


Браніслава Якушчонак, пенсіянерка:

– Я, у асноўным, купляю і чытаю газеты і часопісы, у якіх пішуць пра раслінаводства: што калі лепш садзіць і як даглядаць. Але і пра нашу “раёнку” не забываю – кожны месяц яе выпісваю.

Рэспубліканскую прэсу купляю час ад часу ў трокеніцкай краме, калі ёсць вольная часіна, каб яе пачытаць.


Святлана Баутрэль, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Гудагайскай СШ:

– Чытаю “Настаўніцкую газету” і “Астравецкую праўду”. Першую – таму, што трэба па рабоце, а другую – бо цікаўлюся жыццём раёна. Кожны квартал падпісваюся на “астраўчанку” і прачытваю ад першага да апошняга радка.

Раней і на іншую перыёдыку падпісвалася або купляла, але зараз не хапае часу чытаць яе.


Іван (без фота):

– Што ў рукі трапляе, тое і чытаю. Купляю газеты рэдка – дарагія яны зараз.

Ды я і сам выпускам часопісаў займаюся: вазьму якую газету, з яе карыкатур панастрыгу і наклею на чысты ліст паперы – гэткая “Мурзілка” атрымліваецца. Унукам вельмі падабаецца – смяюцца разам са мной.

Што з апошняга чытаў? Напэўна, газету “На варце” – хачу ведаць свае правы і абавязкі.


Барыс Сымановіч, вадзіцель:

– Я з бацькамі раней жыў на Астравеччыне, потым мы пераехалі. Але зараз я зноў жыву ў Астраўцы, таму нашу раённую газету ведаю добра. На жаль, зараз яе не выпісваю, бо жыву ў здымным пакоі. Але як толькі ў мяне з’явіцца ўласны кут, абавязкова буду выпісваць. Гэта лепш, чым па два разы на тыдзень ісці на пошту за газетай.

Для агульнага светаўспрымання яшчэ купляю “Беларусь сёння”, для душы – часопіс “Савецкія аўтамабілі” з мадэлямі рарытэтных аўто.


Ігар Гур’янаў, рабочы:

– Ужо і на другі квартал выпісаў “Астравецкую праўду” – чытаю яе пастаянна, як толькі выдаецца хвіліна.

Акрамя таго, час ад часу звяртаюся да рэспубліканскай прэсы – чытаю “СБ”, “Народную газету”, “Рэспубліку” – трэба ж быць у курсе грамадскіх і дзяржаўных падзей. Увогуле, чытаць я люблю. Пачынаю звычайна з крымінальных навін, а потым чытаю ўсё астатняе.


------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.