"Репортёр выходит в свет". Что вы готовите на зиму?

Першы асенні месяц нялёгкі для гаспадароў і гаспадынь: трэба паспець выкапаць “другі хлеб” і, каб было чым парадаваць сябе зімой, заняцца нарыхтоўкамі.
Таму на гэтым тыдні нашы карэспандэнты звярнуліся да астраўчан з пытаннем: што вы нарыхтоўваеце на зіму?

Наталля Рабцава, г.Астравец:
– Мы маем невялікі агарод, адкуль “плады” агародніны і пажынаем. А тое, што расце ў лесе, збірае муж. У гэтым годзе, напрыклад, на дзіва шмат грыбоў, а ён аматар “ціхага палявання”. Я ж баюся лясных насельнікаў. А грыбы я сушу і марыную. На смак пакуль ніхто не скардзіўся (усміхаецца).


Таццяна Масальская, г. Астравец:
– Зімовыя нарыхтоўкі – справа абавязковая. Хоць яна часу шмат займае, але яно таго каштуе. Бо зімой вельмі ж бліноў хочацца з варэннем. Дык я вару, і найбольш яблычнага і малінавага.
Салянкі яшчэ люблю розныя, эксперыментую, спрабую рабіць па розных рэцэптах, якія бяру ў сябровак, з кулінарных кніг, часопісаў.


Ілля Казырскі, г. Астравец:
– Я нарыхтоўкамі не займаюся. Па гэтай частцы ў нас спецыяліст мама. Яна шмат ставіць агуркоў і памідораў, а таксама кабачкоў і баклажанаў. Часта чую, як мама па тэлефоне са знаёмымі ці сяброўкамі размаўляе – яны абмяркоўваюць нешта, раюцца, дзеляцца рэцэптамі. А я проста есці люблю ўсё, што яна на стол паставіць.


Антон Кандратовіч, г. Астравец:
– Да зімы мы рыхтуемся разам з жонкай, а ўнукі дапамагаюць. Свой агарод ёсць каля хаты, там і збіраем ураджай, частку якога назапашваем у банках. Агуркі любім – яны ў нас і марынованыя, і салёныя. А зараз часта бываю ў лесе – сёлета “ўрадзілі” баравікі. А вось ягадаў не так шмат. Шкада, канешне. Зімой нам звычайна хапае таго, што восенню нарыхтоўваем, а часам і застаецца яшчэ.


Славаміра Аўгуль, г. Астравец:
– І грыбочкі, і перац, і памідоры – усё люблю, усё стаўлю. Што з уласнага агарода прыношу, што ў магазіне купляю. Салаты розныя таксама нарыхтоўваю. Сям’ёй іх нават больш любім, чым варэнне. А што для родных найлепш і найсмачней, на тое больш і звяртаю ўвагі, таго больш і нарыхтоўваю.


-----------------------------
Адэлька Байцэвіч.
Фота Антона Чыка.