"Репортёр выходит в свет". Что вам нравится в "районке" и что нужно было бы изменить в ней?
Заўтра “Астравецкая праўда” адзначае юбілей – 75-годдзе з дня выхаду ў свет першага нумару. З гэтай нагоды наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы горада, каб у чарговы раз “зверыць гадзіннікі” з тымі, для каго мы робім нашу газету: нашымі чытачамі.
Ці выпісваюць і чытаюць нашу “Астравецкую праўду” астраўчане, як да яе ставяцца, што ім падабаецца, а што трэба было б змяніць высвятляў наш карэспандэнт.
Марына Кіб, намеснік дырэктара Дзіцячай школы мастацтваў:– Раённую газету я чытаю ўсё свядомае жыццё. Пастаянна яе выпісваем – адразу на паўгоддзе. У мяне муж з Гомельшчыны, з Турава, аднак нават ён кажа: “Трэба выпісаць НАШУ газету”.
Падабаецца ў ёй усё: і змест, і насычанасць. Матэрыялы ў сваёй большасці грунтоўныя і своечасовыя, што сведчыць аб аператыўнасці журналістаў “раёнкі”. Ды і няштатнікі часам даюць добрыя артыкулы: вельмі люблю аповеды Яны Галіны.
Цудоўна, што у газеце часта “свецяцца” знаёмыя людзі, а калі друкуюць артыкулы пра родных і блізкіх – то такія нумары захоўваюцца доўгі час.
Яніна Панасюк, загадчыцца аддзела сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра (без фота):
– Колькі сябе памятаю, у нас заўсёды на паліцы ляжала “раёнка”. Маёй маці ўжо 92 гады, але яна дагэтуль сама яе выпісвае і чытае ад першай да апошняй старонкі.
Як былой настаўніцы, мне вельмі падабаецца школьная старонка “Альфа і амега школьнага жыцця”, як жанчыне – “Паміж намі, Евачкамі”. Увогуле ўсе старонкі з цікавасцю чытаю, а, дзякуючы вашаму новаму праекту “Преображение”, сама рашылася на эксперымент са сваёй знешнасцю.
Вольга Ульянава, пенсіянерка:– Я родам з Віцебшчыны, з Глыбокага, на Астравеччыне жыву з 61-га года, таму гэты край для мяне стаў родным і блізкім.
Хоць газету нашу я чытаю зрэдку, аднак калі яна трапляе мне ў рукі, то бачу, што асвятляюцца актуальныя тэмы – значыць “раёнка” крочыць у нагу з часам.
Ёсць у ёй і любімыя старонкі: “Маладзёжны востраў” і “Літаратурная старонка”. Асабліва блізкія мне вершы Капіталіны Пятроўскай і Ігара Туршава – да слёз часам “прабівае”.
Ганна Базіс, галоўны бухгалтар Прадстаўніцтва “ЦэнтрАтамЭнергаМантаж”:– Колькі сябе памятаю, мае бацькі заўсёды выпісвалі і чыталі "АП”. Дзякуючы ім, і я палюбіла нашу “раёнку”.
Заўсёды знаходжу ў ёй шмат цікавых і карысных артыкулаў, навін пра жыццё горада і раёна, пра знаёмых і суседзяў.
Вельмі падабаецца чытаць артыкулы пра вандроўкі Ніны Аляксееўны. “У гасцях у кветкаводаў” Алены Ярашэвіч – таксама заўсёды чаканая старонка.
Аляксандр Раткевіч, суддзя суда Астравецкага раёна:– Як шчыры патрыёт Астравеччыны, я пастаянна выпісваю нашу “раёнку”. У ёй шмат неабходных, цікавых і карысных навін, артыкулаў пра жыццё горада і раёна.
А не хапае, на маю думку, аналітычных і гістарычных матэрыалаў пра розныя мясціны Астравеччыны, яе выбітных сыноў, успамінаў сучаснікаў. Аднак я ведаю, што падобныя матэрыялы не вельмі лёгка падрыхтаваць і гэтай работай павінны займацца апантаныя, адукаваныя і падрыхтаваныя людзі.
Антон ЧЫК.
