"Репортёр выходит в свет". Что такое успех?

Людзі імкнуцца да поспеху, і хоць кожны яго прадстаўляе па-свойму, накірунак гэтага руху застаецца нязменным. Поспех прыходзіць да тых, хто разумее, чаго хоча ў жыцці, ведае, што зробіць яго жыццё камфортным і яркім.

Дык што такое поспех для маладых людзей Астравеччыны? Аб гэтым і вырашыў даведацца рэпарцёр «АП».


Януш Чубек, вучань 6 класа СШ №1:

– Поспех – гэта дасягненне нейкай пэўнай мэты. Я, напрыклад, хачу стаць прафесійным футбалістам. Для гэтага я кожны дзень гуляю ў футбол, хаджу на трэніроўкі ці проста “ганяю” мяч па полі, вяду здаровы лад жыцця.

А паспяховым спартсменам я сябе змагу назваць, калі буду іграць у вышэйшай лізе і мяне пачнуць пазнаваць на вуліцах не толькі роднага горада, але і ў сталіцы.


Святлана Алёхна, педагог-арганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі:

– Для таго каб нечага ў жыцці дасягнуць, трэба верыць у сябе і паўтараць: “Я змагу! Я здолею! Я даб’юся!”

Калі ты кожны дзень з радасцю ідзеш на працу, якая табе падабаецца, займаешся там тым, што табе да душы, – гэта і ёсць поспех. Сябе я смела магу назваць паспяховай жанчынай, бо ў мяне так і ёсць. А яшчэ двое дзяцей дома і добрая сям’я – гэта таксама пэўнае дасягненне і поспех.


Мікіта Спірыдонаў, вучань 6 класа СШ №1:

– Поспех – гэта калі ты нечага ў жыцці дасягнуў, калі ты нешта робіш лепш за іншых і цябе называюць прафесіяналам. Паказчыкам тваёй паспяховасці, напэўна, можа служыць сцяна з узнагародамі і дыпломамі.

А яшчэ, канешне, гэта добрая жонка і некалькі дзяцей – гэта таксама істотны паказчык поспеху.


Алеся Саверчанка і Інэса Гурштын, вучаніцы 7 класа Гудагайскай СШ:

Алеся: Поспех – гэта як слава, калі цябе пазнаюць на вуліцы, калі пра цябе добрыя артыкулы ў газеце пішуць (смяецца).

У будучым хачу быць паспяховай спартсменкай, таму рэгулярна займаюся спортам, слухаю парады трэнера.

Калі я стану паспяховай? Напэўна, калі ў мяне будзе свой дом у Галівудзе (смяецца). Найлепшае ўяўленне аб поспеху дае ўсё ж дастатковая колькасць сродкаў для жыцця. А яшчэ гэта добрая праца або бізнес і магчымасць жыць без абмежаванняў.

Інэса: Поспех – гэта працэс, развіццё ў нейкім накірунку. Я не вельмі добра вучуся. Аднак у мяне ёсць іншыя сферы, у якіх я больш паспяховая: той жа спорт або музыка. Я выступала на конкурсе “Грай, мой баян”. Здаецца, няблага выступіла, мяне нават у Ліду збіраліся накіраваць на конкурс, аднак не атрымалася.

А галоўны паказчык поспеху – як і з кім ты жывеш.


Руслан Русакевіч, вучань 8 класа гімназіі:

– Поспех – гэта, напэўна, як і шчасце: калі ў цябе ўсё добра і хочацца проста жыць і радавацца жыццю!

Каб быць паспяховым, я шмат працую: вучуся, а таксама займаюся пляценнем саломкі, удзельнічаю ў розных конкурсах і выставах. Аб маёй паспяховасці гавораць мае ўзнагароды – дыпломы і граматы з розных конкурсаў.

Аб паспяховасці ў больш сталым узросце можна меркаваць па матэрыяльным становішчы. Аднак поспехам можна лічыць і моцны шлюб, нараджэнне і выхаванне добрых дзяцей.


-------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.