"Репортёр выходит в свет". Что такое любовь?

“Я цябе кахаю”, “я ЦЯБЕ кахаю”, “я цябе КАХАЮ”... Аднолькавыя словы, але які розны сэнс у іх укладваецца! А што такое каханне? Як адрозніць яго ад закаханасці, прыхільнасці, запалу, ахвярнасці? І якое яно, сапраўднае каханне? Ды і ці існуе яно ўвогуле?

З гэтымі пытаннямі і падыходзіў наш карэспандэнт да людзей на вуліцах Астраўца.

Аляксандр і Ганна Рэйба, госці Астраўца:

– Як зразумець, сапраўднае каханне ці не? Па адносінах відаць: як хлопец да дзяўчыны заляцаецца, як клапоціцца аб ёй, як яна яго даглядае, якія словы яму гаворыць… У паўсядзённых стасунках, размовах і клопаце праяўляецца сапраўднае каханне.

Мы, напрыклад, неўзабаве будзем адзначаць першую гадавіну сумеснага жыцця! І можам зрабіць выснову, што сапраўднае каханне не пабудуеш у віртуальнай прасторы. Патрэбны жывыя стасункі і словы, каханыя вочы насупраць. Мы, напрыклад, падчас разлукі, хоць і пісалі, і тэлефанавалі адзін аднаму, кожны тыдзень спяшаліся на сустрэчу.



Міхаіл Лазовік, псіхолаг:

– Сапраўднае каханне, канешне, існуе. Яно вялікае і светлае, напэўна, крыху сумнае і абавязкова ўзаемнае. Мне, лічу, пашанцавала – я такое каханне сустрэў і перажыў. На жаль, каханая не адказвала мне ўзаемнасцю. Але я яшчэ доўга буду ўспамінаць яе з пачуццём лёгкага смутку…

А нядаўна я сустрэў сваё новае каханне – Аню. І, спадзяюся, у нас усё будзе цудоўна!



Людміла Кардаш, качагар:

– Зразумела, што каханне бывае розным. Але трэба шукаць сваю палавінку, а не разменьвацца на лёгкія закаханасці. Як адрозніць? Нават і не адкажу, хоць і пражыла нямала. Толькі час можа паказаць, якое яно, тваё каханне.

У мяне, напрыклад, некалі быў той самы каханы, пра якога кажуць “на ўсё жыццё”. Толькі так лёс павярнуўся, што не склалася ў нас: я за другога замуж выйшла, дзеткі пайшлі. Іншае каханне атрымалася…

А вось у сяброўкі маёй усё менавіта так і здарылася, як звычайна пішуць пра вялікае каханне.

Ірэна Янкойць, вартаўнік:

– За тыя 32 гады, што мы з мужам разам, у нас ні на кроплю не паменшылася наша каханне. Здаралася, і сварыліся мы, але потым мірыліся і любіліся – адзін без аднаго не можам!

Каханне павінна прайсці выпрабаванне часам, бо па-іншаму не зразумець – “аднаднеўка” яно ці назаўсёды. Бывае каханне з першага погляду, а бывае, што няма яго – адна “лапша на вушы”.

Так што раю ўсім кахаць і быць каханымі, шукаць адзін аднаго, знаходзіць – і быць шчаслівымі.

Аня Пятровіч і Валерыя Рогач, вучаніцы 8 класа:

Аня:

– Каханне, вядома, існуе! Калі яно сапраўднае, то паміж хлопцам і дзяўчынай не будзе ніякіх сакрэтаў. Яны заўсёды будуць дапамагаць адзін аднаму, давяраць, расказваць самыя запаветныя сакрэты. Я такое каханне ведаю: у майго таты і матулі менавіта такое пачуццё.

А я пакуль свайго абранніка не сустрэла і дагэтуль ні разу не кахала па-сапраўднаму. А вельмі хочацца…

Валерыя:

– Я таксама лічу, што сапраўднае каханне існуе. Гэта калі ў адно спалучаюцца павага, вернасць, узаемадапамога. Нядаўна я глядзела фільм “Добрыя дзеці не плачуць” – там пра такое каханне расказвалася.

Ці ёсць у мяне каханы? Ды хто ж вам прызнаецца (смяецца)?

--------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.