"Репортёр выходит в свет". Что изменилось в Островце?
Жыццё не стаіць на месцы. І чалавек не заўсёды паспявае падстроіцца пад яго і правільна ацаніць падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве. Яшчэ некалькі гадоў таму наш Астравец быў невялікай кропачкай на карце краіны, а зараз – гэта адзін з перспектыўнейшых гарадоў, на які накіравана ўся ўвага.Вось і вырашыў наш рэпарцёр запытацца ў сваіх рэспандэнтаў, якія змены, што адбываюцца ў Астравецкім раёне, яны заўважылі?
– Астравеччына заўсёды была яркім краем, з добразычлівымі, чулымі і шчырымі людзьмі. І я вельмі рада, што нават прыезд сюды вялікай колькасці людзей з іншых рэгіёнаў і краін гэтага не змяніў. Я сама хоць і мясцовая, але раней у Астраўцы толькі на святы ды выхадныя бывала. Зараз жыву тут пастаянна і таму вельмі добра адчуваю энергію і пульс роднага горада.
І я вельмі рада, што з’яўляюся сведкам тых гістарычных падзей, якія зараз адбываюцца на Астравеччыне: будаўніцтва Беларускай АЭС прывабіла сюды шмат моладзі і дало гораду другое жыццё.
– Як старажыл, магу смела заявіць, што за апошнія пяць-дзесяць гадоў у нас многа што змянілася. Я з 1990 года жыву ў Астраўцы і добра памятаю, у якім стане былі дарогі, дамы, цэнтральны сквер з варонамі на дрэвах. А зараз! У скверы чыста і прыгожа, пераважная большасць вуліц заасфальтавана, ва ўсіх старых дамах райцэнтра зроблены капітальны рамонт. Узводзяцца новыя дамы, працоўных месцаў хапае – абы працаваць было жаданне. Канешне, вялікае значэнне мае тое, што ў нас будуецца першая Беларуская АЭС. Але яшчэ да прыняцця рашэння аб будоўлі “атамкі” Астравеччына ўжо была чыстай, утульнай і прыгожай – і ўсё дзякуючы мясцовым уладам.
– У мяне такая работа, на якой вельмі добра адчуваецца, у якім стане знаходзіцца горад і раён. Зараз, лічу, жыццё на Астравеччыне бурліць і віруе – гэта бачна па колькасці нашых кліентаў. Вельмі радуе, што ўсе яны хваляць Астравец і Астравеччыну, адзначаюць прыгажосць горада і яго чысціню.
– За некалькі апошніх гадоў Астравец значна вырас, у ім стала больш людзей. Я нарадзілася і ўсё жыццё пражыла на Астравеччыне і раней ведала, здаецца, усіх мясцовых. А зараз ідзеш па горадзе, бачыш новага чалавека і міжволі задумваешся: мясцовы ён ці з іншай вобласці, а можа нават іншаземец?
Ды і горад я раней як свае пяць пальцаў ведала, а зараз узводзяцца новыя мікрараёны, з’яўляюцца новыя вуліцы – не паспяваеш іх вывучыць.
--------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.




