"Репортёр выходит в свет". Читаем белорусское!?
Як мала мы ўсё ж ведаем пра сваю Беларусь! І ў большасці сваёй ведаць не жадаем. На паліцах кніжных магазінаў і бібліятэк пыляцца як класічныя творы беларускіх майстроў пяра, так і вершы і раманы сучасных айчынных паэтаў і празаікаў – а нам мілей "стралялкі" ў інтэрнэце. З чытаючай нацыі мы паступова дэградзіруем да стану назіральнікаў...Ганна Лапшэвіч, настаўніца:
– Чытаю я памеры наяўнасці вольнага часу, бо прафесія настаўніка “з’ядае” яго: праверка сшыткаў, самападрыхтоўка да заняткаў плюс іншыя школьныя абавязкі. Але мая спецыялізацыя – беларуская мова і літаратура, таму я ў курсе яе складанага становішча: тыя творы, якія раней вывучаліся тыдзень ці два, зараз неабходна "прайсці" літаральна за адзін занятак – а за гэты час хіба што змест можна разгледзець, а не характары герояў і прычыны іх учынкаў і паводзін. Напрыклад, зараз аналізавалі з вучнямі раман у вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці” – большасць інфармацыі засталася па-за межамі занятку. Спадзяюся, што калі-небудзь дзеці ўсё ж асіляць цалкам гэты цудоўны твор.
Мне падабаецца творчасць Рыгора Барадуліна, з драматургаў – Аляксея Дударава, з дзіцячых літаратараў – Раісы Баравіковай. З нашых мясцовых пісьменнікаў схіляю галаву перад Міколам Мятліцкім і Нінай Рыбік.
А чаму зараз дзеці мала чытаюць, адкажу так: у гэтым вінаваты дарослыя, бо мы самі такі прыклад ім падаем. У нас зараз не хапае часу пасядзець над цікавай кніжкай: прыйшоў вечарам дахаты – тэлевізар, камп’ютар і спаць. А дзеці бачаць гэта і капіруюць з нас паводзіны.
Вікторыя Анімуцкая, страхавы агент:
– Зрэдку, але я ўсё ж чытаю. Так атрымліваецца, што спіс маіх любімых беларускіх аўтараў складаюць класікі літаратуры. Нядаўна вось перачытвала свайго любімага Івана Шамякіна, а да яго былі Колас, Купала і Караткевіч. А больш сучасных аўтараў і не назаву, бо іх імёны, як і творы, не разрэкламаваны і невядомы шырокай публіцы нават у сваёй краіне. Чамусьці так атрымліваецца, што за мяжой яны больш патрэбныя, чым у Беларусі.
Васіль Цурганаў, пенсіянер:
– На кнігі мне зараз не хапае часу, хаця я пастаянна чытаю прэсу: “Беларусь сегодня”, “Лясная газета” і нашу раённую “Астравецкую праўду”. Мне здаецца, што раней мы так узахлёб чыталі кнігі, бо яны былі ў большасці сваёй недаступныя, многія аўтары былі забаронены, а тое, што забаронена, заўсёды цікава. Хаця зараз, як і раней, калі кніга добрая – то і каштуе яна нятанна. Але ў наш час іншыя цікавасці: навошта чытаць вялікую кнігу некалькі дзён, калі можна паглядзець фільм за паўтары гадзіны. А што вы хочаце – камп’ютарнае стагоддзе…
Ангеліна Пятровіч, 10 клас:
– Канешне , па наяўнасці вольнага часу чытаю беларускую літаратуру. Больш схіляюся да паэзіі, бо яе чытанне займае менш часу (смяецца). Ці пішу сама вершы? Не, у мяне склад розуму матэматычны. Тым не менш мне вельмі падабаюцца творы Барыса Сачанкі, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова і іншых беларускіх паэтаў і празаікаў.
А што наша родная мова не карыстаецца папулярнасцю... Напэўна, у першую чаргу вінаваты мы самі. Калі б на беларускай мове выдавалася столькі ж газет, як і на рускай, калі б па тэлебачанню вялося столькі ж праграм і фільмы паказвалі ў беларускім перакладзе, то мо і становішча было б іншым. А яшчэ культура выхавання у нас кульгае: калі б некаторыя нашы грамадзяне грошы трацілі не на гарэлку, а на кнігі, то, можа, і жылі б мы інакш. Аднак пакуль алкаголь танней за кнігі – да светлага будучага далёка.
--------------------------------------

