"Репортер выходит в свет". Чей праздник – День молодежи?
Штогод у апошнюю нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень моладзі – свята ўсіх тых, каму яшчэ не споўнілася… Колькі?У колькі гадоў, на думку астраўчан і гасцей райцэнтра, заканчваецца маладосць, і высвятляў наш карэспандэнт.
Таццяна Каспяровіч з сынам Даніілам, у дэкрэтным адпачынку:
– Я б азначыла трыццацігадовы ўзрост для афіцыйнага раздзялення на маладых і сталых. Хаця ўсё гэта вельмі адносна – чалавеку столькі гадоў, на колькі ён сябе адчувае. Калі судзіць па сабе, то пасля з’яўлення першага дзіцяці я пасталела, а пасля другога – зразумела, што маладзёжныя забавы ўжо не для мяне. Пасля з’яўлення дзяцей ты жывеш не
для сябе, а для іх.
Алена Мацкела і Марына Кацінель, настаўніцы пачатковых класаў гімназіі:
Алена: Кожны чалавек – асоба, таму і адчувае кожны сябе адпаведна: нехта ўжо ў дваццаць – глыбокі пенсіянер, а нехта і ў пяцьдзясят – актыўны “жыўчык”. Захаваць у сабе юнацкі задор і бадзёрасць – задача, з якой спраўляюцца не многія. Жыццёвыя праблемы многіх ламаюць, некаторыя замыкаюцца ў сабе – а так рабіць не варта. Трэба верыць у людзей увогулеі ў сваіх сяброў – у прыватнасці. Дарэчы, вясёлы адпачынак з сябрамі таксама падаўжае маладосць. Але заўсёды трэба ведаць і памятаць пра межы такой весялосці.
Марына: Маладосць – гэта стан душы. Бывае, прачнешся, сонейка ззяе, і на душы становіцца радасна – і адчуваеш сябе на пятнаццаць гадоў. А потым нехта сапсуе настрой – і такое ўражанне, што табе ўсе дзевяноста.
Аднак не варта сумаваць. Трэба шукаць у сабе аптыміста, бо што, як не шчаслівая ўсмешка і пазітыўны настрой, падоўжаць маладосць?
Сяргей Елісееў, электрамантажнік:
– Дзень моладзі – гэта агульнае свята. Не важна, колькі табе споўнілася гадоў, галоўнае – на колькі ты сябе адчуваеш. Мне 52, і я лічу сябе яшчэ поўны сіл і энергіі і збіраюся актыўна гэтае свята адзначаць.
У чым мой сакрэт? Напэўна, у тым, што я не звяртаю ўвагі на праблемы: іх трэба вырашаць, але не трэба “грузіцца” імі – тады жыць лягчэй.
Даніэль Валэйка,індывідуальны прадпрымальнік:
– Чыё свята, зразумела з назвы. А маладым будзе чалавек, пакуль розум востры і ногі трымаюць. Як толькі пачынаеш “абрастаць мохам”, то, лічы, усё, маладосць скончылася. Як гэтага пазбегнуць? Рухацца, рухацца і яшчэ раз рухацца! Я апошні час машынай карыстаюся зрэдку – больш пешшу хаджу. Адпачынак таксама павінен быць актыўным, асабліва летам: не дома за камп’ютарам ці тэлевізарам трэба час праводзіць, а на беразе ракіці ў лесе.
Антон ЧЫК
