"Репортёр выходит в свет". Чего вы боитесь?
Каб даведацца, якія страхі не даюць спакою жыхарам і гасцям нашага горада, выйшлі ў свет з пытаннем «Чаго вы баіцеся?» нашы карэспандэнты.
– Я баюся вайны! Усе ведаюць, што адбываецца ва Украіне. Так страшна! Мне няўцям, як людзі ў XXI стагоддзі могуць дапусціць такую сітуацыю, могуць быць такімі жорсткімі, не знайсці кампрамісу і не дамовіцца адзін з другім. Не дай Божа, каб гэта працягвалася і далей. У мяне сын зараз у Кіеве, па першай адукацыі ён – ваенны юрыст. Я вельмі баюся, што яго, як і многіх, забяруць у войска. Хочацца спакою.
А ў Астраўцы ў мяне зараз дачка з мужам на працу ўладкаваліся, таму я сюды і прыехала дапамагчы ім на першым часе. Тут добра, горад вельмі чысты, людзі вакол добразычлівыя, аптымістычныя і ўсмешлівыя. Прыемна паглядзець і ўвогуле жыць тут.
– Вялікіх страхаў зараз не маем. Усё спакойна. Мы з аптымізмам глядзім у будучыню. Клопаты толькі пра дзіця. Пакуль яно маленькае, – дык і страхі невялікія. Будзе расці – тады ўжо будзе іншая справа, як сцвярджае народная мудрасць. Напэўна, асабліва цяжка будзе ў падлеткавым узросце, калі пачнуцца танцы, вячэрнія шпацыры і першае каханне (смяюцца).
– Я нічога не баюся! Ні змей, ні пацукоў, ні павукоў. Неяк я з імі не сутыкалася – а навошта баяцца таго, чаго не бачыў? Па вучобе, я лічу, таксама хвалявацца не трэба, варта проста быць уважлівым, чытаць, што задаюць, і ў час выконваць дамашнія заданні.
Я займаюся лёгкай атлетыкай. Вельмі люблю спорт, асабліва бегаць на лыжах. Мы часта выязджаем на розныя спаборніцтвы – абараняем гонар школы, раёна. Аднойчы паехалі ў Навагрудак, а там снегу не было. А якія ж лыжныя гонкі без яго?! Дык я толькі і баюся, калі зімой выпадае мала снегу, бо няма магчымасці займацца любімай справай.
– Вядома, што ў Афрыцы зараз страшны вірус Эбола. Столькі ахвяраў, столькі смерцяў! Неабходна шукаць вакцыну. Баюся, што на яе вынаходніцтва пойдзе шмат часу і яшчэ больш людзей загіне. У СМІ пішуць, што ад гэтай хваробы памерлі і навукоўцы з Амерыкі. Ёсць рызыка, што вірус і да Еўропы дабярэцца. Гэта жудасна. Спадзяюся, што навука не падвядзе і знойдзе рашэнне.
– Я – мусульманін, і баюся толькі Алаха. А перажываю за бацькоў. Яны далёка, бачымся рэдка – на Радзіму прыязджаю раз на год. Але стараюся ім дапамагаць… У Астраўцы неяк няма чаго баяцца. Я быў у Расіі, таму магу параўноўваць. Тут людзі вельмі лагодныя, за шэсць гадоў ні разу не меў ні з кім канфліктаў. Лічу, што ад чалавека ўсё залежыць: калі ты добра адносішся да людзей, то і людзі табе будуць адказваць тым жа. Жывучы па гэтым прынцыпе, няма чаго баяцца.
Адэлька Байцэвіч.
Тое ж пытанне - чаго вы баіцеся? – мы задалі сваім чытачам на сайце газеты, толькі прапанавалі для галасавання некалькі варыянтаў адказаў.
Аказалася, што большасць з тых, хто вырашыў выказацца па гэтым пытанні – 44 працэнты, – баяцца вайны: напэўна, падзеі ва Украіне ўсіх прымусілі задумацца і зразумець, што артабстрэлы, бамбёжкі і беспрычынная смерць самых блізкіх можа быць не толькі ў кіно пра вайну ці недзе далёка, а зусім побач – і гэта не можа не турбаваць людзей.
На другім і трэцім месцы сярод людскіх страхаў – 25 і 23 працэнты апытаных адпаведна – з’явы, на якія чалавек паўплываць, па вялікім рахунку, не можа: хваробы і адзінота. Як правіла, і тое, і другое ўласціва найперш старасці – але, як ні дзіўна, старасці баіцца куды менш людзей – 11 працэнтаў. Мо таму, што старасць не заўсёды бывае адзінокай і суправаджаецца цяжкімі хваробамі? Ва ўсякім выпадку, прамой залежнасці паміж імі няма.
Восем чалавек – 14 працэнтаў апытаных – заявілі, што нікога і нічога не баяцца, – відаць, гэта вельмі смелыя і ўпэўненыя ў сабе людзі.
Далей ідуць па зыходзячай: боязь мышэй, змей і пацукоў – 16 працэнтаў; вышыні – 8, злачынцаў – 6, закрытай прасторы – 2 працэнты.
І толькі адзін чалавек сказаў, што баіцца беднасці, – усё ж, напэўна, гэта і сапраўды не самае страшнае і не самае галоўнае ў жыцці – хваробы, пацукі і змеі куды страшней!





