"Репортёр выходит в свет". Чего боятся островецкие дети?
У кожнага пакалення свае страхі. Сучасныя сродкі масавай інфармацыі, інфармацыйная рэвалюцыя і кіно адвучылі дзяцей баяцца Бабу Ягу і навучылі асцерагацца рэальных рэчаў.
Напярэдадні Дня аховы дзяцей наш карэспандэнт вырашыў высветліць, чаго баяцца сучасныя дзеці Астраўца.
– Нічога не баюся: ні сабак, ні змей, ні пацукоў. Фільмаў жахаў таксама не баюся – там усё выдуманае, насамрэч няма ніякіх вампіраў і пярэваратняў!
Затое мама за мяне хвалюецца, заўсёды настаўляе: “Не бегай па дарозе”, “Будзь асцярожны”, “Не лезь, куды не трэба”, “Сцеражыся п’яных”… Стараюся яе слухацца, хаця не заўсёды атрымліваецца. Хаця, калі п’яны прычэпіцца, то я, думаю, змагу ўцячы.
– Нават і не ведаю, чаго сёння можна баяцца… Зараз такія фільмы жахаў “круцяць”, што перастаеш чаго-небудзь баяцца. П’яных людзей я, напэўна, не баюся – хутчэй асцерагаюся. Да сабак таксама насцярожана стаўлюся, бо мяне адзін раз цапнуў бадзялы шчанюк. Так што лепш абыйсці іх бокам, чым потым уцякаць. Яшчэ супрацоўнікаў міліцыі асцерагаюся. Некалькі разоў вяртаўся дадому без флікера, то ўцякаў праз двары.
А вось дрэнных адзнак не баюся. Раней хваляваўся, што паставяць. А зараз спакойна ўспрымаю: “два” – дык “два”, “пяць” – дык “пяць”...
– Я павукоў і змей баюся. Праўда, толькі калі яны вялікія, а маленькіх – не. Напэўна, нават не столькі баюся, колькі агідна. А больш нічога не баюся. Спужацца магу, калі нешта рэзка грукне і бабахне. Але гэта не той жах, які не дае паварушыцца, – гэты страх хутчэй падштурхоўвае да дзеяння.
Я і ноччу смела адна магу гуляць – нічога страшнага ў цемры няма. У нас па вуліцы хапае нежылых дамоў, я да іх часцяком ноччу падыходжу, чакаю: можа, які прывід убачу…
– Вайны баюся, бо гэта страшная і жудасная рэч. Тэрарыстаў таксама. А болей, напэўна, нічога не баюся. П’яных не баюся, хоць яны і страшныя бываюць. Я, калі трэба, і ўдарыць магу – ведаю, куды біць трэба.
Канешне, знянацку кожны можа напалохаць, але гэта страх іншага кшталту. Яшчэ баюся, калі нешта не вывучыла, што да дошкі выклічуць адказваць: можна і дрэнную адзнаку атрымаць…
– Не ведаю, чаго можна баяцца. Хіба што вайны – кроў, смерць, пакуты…
Аднакласніц яшчэ баюся. Праўда, не ўсіх, а толькі тых, якія балюча б’юцца і драпаюцца.
Чаго яшчэ баюся? Напэўна, дрэнных адзнак, бо потым трэба будзе шмат вучыцца, каб іх выправіць.
Яшчэ злых сабак, п’яных людзей на вуліцы баюся. Хаця хутчэй не баюся, а асцерагаюся – хто іх ведае, што ў іх у галаве. Яшчэ калі цёмна, а я без флікера, то міліцыянераў апасаюся.
Антон ЧЫК, фота аўтара.





