"Репортёр выходит в свет". А вы верите в приметы?

2
З даўніх часоў чалавек назіраў за надвор’ем, паводзінамі жывёл, птушак, рыб і насякомых і спрабаваў рабіць прагнозы на будучыню. Той, хто лепш за астатніх умеў гэта рабіць, карыстаўся павагай у людзей. З цягам часу многія прадказанні адышлі ў небыццё, а іншыя сталі народнымі прыкметамі, якімі і зара з карыстаюцца многія людзі.

А ў якія народныя прыкметы астраўчане вераць зараз?


Наталля Ляшнеўская, настаўнік пачатковых класаў:

– Я ў прыкметы не веру. Лічу, што ёсць пэўныя заканамернасці, на якія мы і арыентуемся.

Мае матуля і бабуля арыентаваліся ў паўсядзённым жыцці на некаторыя прыкметы кшталту чорнага ката ці рассыпанай солі.

Лічу, што прыкметы спраўджваюцца ў тых, хто ў іх верыць...


Алена Качан, на пенсіі (без фота):

– Напэўна, я больш схіляюся да таго, каб верыць у розныя прыкметы, – нездарма ж імі нашы дзяды-прадзеды карысталіся! Але апошнім часам усё так у свеце змянілася, што і прыкметы памяняліся. Зараз нават надвор’е на заўтра цяжка прадказаць.

Я веру, што ўсё будзе так, як вырашыць Усявышні, – усе мы яго дзеці і цалкам у яго руках. А як медык веру ў адну такую сумную прыкмету: калі ранкам на двары галаледзіцца, то чакай павелічэння траўматызму.


Уладзімір Скарульскі, часова беспрацоўны:

– Я – заўзяты рыбак і веру, што калі дома нешта забыў, то вяртацца нельга. Тады ўжо лепш зусім на рыбалку не ісці, бо ніякага клёву не будзе. Ну, яшчэ ў бабу з пустымі вёдрамі веру (усміхаецца).

Ці ёсць ў мяне прыкметы, якую нажыўку з сабой браць? Не, няма. Тут ніколі не ўгадаеш. Як і з надвор’ем. Бывае такі дзень, што сабаку не выгнаць на двор, а рыба клюе, а бывае, што сонейка – аднак рыба не бярэ.


Валянціна Мікліс, пенсіянерка (без фота):

– Неяк адразу ніякіх прыкмет узгадаць і не магу. Ды і не давяраю я многім з іх.

А вось – прыгадала. Пра чорнага ката, які табе дарогу перайдзе, ведаю. А яшчэ пра ножніцы – што нельга іх суседзям пазычаць, а то пасварыцеся. Яшчэ ад маладых дзяўчат чула, што калі табе гадзіннік падораць – трэба за яго нейкі рубель даць у адказ.


Паліна Шымковіч, Вераніка Ступенька, Яўген Атрошанка, вучні 8 класа:

Паліна: У прыкметы веру. У чорнага ката, напрыклад. Калі соль рассыпалася – гэта да сваркі, калі відэлец упаў – нехта ў госці спяшаецца. А яшчэ калі ножык дорыш ці гадзіннік – трэба нейкія грошыкі прасіць.


Яўген: Мой бацька – рыбак, і ён у прыкметы верыць. Я з ім некалькі разоў на рыбалку ездзіў, бачыў, як ён на шчасце на кручок паплёўваў. А яшчэ ведаю такую прыкмету, што калі не атрымліваецца з першай спробы навязаць кручок, то рыбалка не заладзіцца.


Вераніка: А ў мяне ёсць свае прыкметы. Напрыклад, калі я з сабой не ўзяла ў школу аловак – абавязкова будзе кантрольная. А калі заснуць над падручнікамі, то назаўтра нешта ды ўспомніцца. А з больш жыццёвага: калі з сабой у пахмурнае надвор’е не ўзяць парасон – абавязкова будзе дождж (смяецца).


--------------------------------------

Антон Чык, фота аўтара.