"Репортёр выходит в свет". А вы соблюдаете пост?
Пост – гэта час для праверкі сапраўдных хрысціянскіх якасцей, нашай веры, моцы духу і вытрымкі. Гэта не проста перыяд утрымання ад ежы і забаў, а спроба ўзрасці ўнутрана, стаць больш духоўнай асобай.Ці прытрымліваюцца жыхары Астравеччыны посту, высвятляў наш карэспандэнт.
Она Лукша, пенсіянерка (без фота):
– Мяне яшчэ бацькі прывучылі да рэлігіі, аднак апошнім часам ужо не магу кожны дзень у касцёл хадзіць – здароўе падводзіць.
Гэты пост, як і ўсе папярэднія, я старанна выконваю: не лаюся, не думаю дрэннага, не сваруся. Жыву я з сынам, ён у мяне хлопец талковы, так што сварыцца з ім няма падстаў.
Зараз моладзь, на жаль, у сваёй большасці далёкая ад веры і Бога. Але гэта не іх віна, а, напэўна, тых людзей, якія ў свой час на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў адвучалі нас ад веры. Мо таму зараз і жыццё ў многіх бездухоўнае.
Анастасія Пупінская, вучаніца гімназіі:– Кожны панядзелак я хаджу ў касцёл на вучобу, а яшчэ на Рараты можна хадзіць кожны дзень, аднак не заўсёды атрымліваецца.
Я ведаю, што падчас посту нельга спяваць і танцаваць, не варта есці мяса, аднак не магу сказаць, што ў нашай сям’і моцна посцяць ці абмяжоўваюць сябе ў ежы, – мая маці гатуе нам тое, што ёсць у халадзільніку.
Вольга Валадзько, сакратар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі:– У Храм Божы я хаджу, калі адчуваю заклік душы, калі мяне туды цягне, бо лічу, што вера павінна быць у душы. Трэба рабіць так, як падказвае табе душа, а не так, як навязваецца.
Ёсць такія людзі, якія ходзяць у царкву ці касцёл кожны дзень, моляцца і адразу ж на выхадзе пачынаюць “шукаць саломіны ў вачах” сваіх знаёмых ці суседзей – абмяркоўваюць і судзяць, зусім забыўшыся пра хрысціянскую мараль.
Гелена Махневіч, пенсіянерка, з унучкай Агатай: Гелена:– У нас, католікаў, усяго два пасты. І ў адрозненні ад паста перад Вялікаднем, пост перад Нараджэннем Хрыстовым не такі строгі. Аднак, лічу, што некаторых абмежаванняў абавязкова трэба прытрымлівацца і ставіць перад самім сабой задачы – проста, каб даказаць, што калі ў цябе моцны дух і вера, то многіх спакусаў можна лёгка пазбегнуць.
Агата:
– Мы з бабуляй кожны тыдзень ходзім у касцёл: я на вучобу, яна – на службу. Вось і зараз адтуль ідзём. Мне там вельмі падабаецца: мы молімся, вучым і спяваем песні. І мне зусім не сумна. А пасціцца мне лёгка, бо я ўвогуле не ем мяса. Не хочацца – і ўсё!
Ніна Керна, прыбіральшчыца:– Канешне, я прытрымліваюся посту: не спяваю, не танцую і стараюся не есці мяса.
Падобныя абмежаванні, лічу, абавязковы – гэта карысна і для душы, і для цела. Да таго ж, гэта пэўная праверка нашых магчымасцяў: “а ці змагу я?”
-----------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
