"Репортёр выходит в свет". А вы сделали заготовки на зиму?
2
Зусім мала часу засталося да сапраўдных маразоў. У добрага гаспадара ўвесь ураджай садавіны ды гародніны даўно сабраны, перабраны і складзены ў склеп.А ці зрабілі нарыхтоўкі жыхары нашага раёна? З гэтым пытаннем звяртаўся да людзей журналіст «раёнкі».
Галіна, хатняя гаспадыня:– Сёлета ніякіх асаблівых нарыхтовак не рабілі. Па-першае, мы толькі нядаўна атрымалі кватэру, таму яшчэ няма месца, дзе ўсё гэта можна захоўваць. А па-другое, я не лічу патрэбным рабіць вялікія запасы на зіму. Па меры неабходнасці ўсё можна купіць у магазіне.
Да таго ж, дзеці выраслі, і мы з мужам жывём удваіх, таму нам дастаткова хадзіць у магазін раз у тыдзень.
Галіна Раўдановіч, пенсіянер (без фота):
– А як жа без нарыхтовак зімаваць? Лепш больш назапасіць, чым потым па крамах бегаць ды даражэй купляць! Дамашняе, сваё, з любоўю прыгатаванае – смачнейшае.
І садавіну, і гародніну я кансервую сама. Калі выдаваўся вольны дзень, то сямействам у грыбы ці ў ягады выязджалі. І брусніц, і чарніц сёлета хапала, а вось грыбочкі – познія, мала зусім набралі.
Генуэфа Віткоўская, кветкавод ЖКГ:– Усё ўжо даўно зроблена: і ягады, і гародніна, і грыбы замарожаны ці закансерваваны. Засталося толькі кабанчыка закалоць – і можна смела чакаць зіму. А што? Дровы таксама ёсць – не змерзнем. А там і вясна хутка.
Усё вырошчваем на сваім агародзе: і агуркі, і памідоры, і бульбу. Пакупныя толькі парасё ды ячмень для курэй.
Уладзімір, будаўнік-мантажнік (без фота):
– Я сам не мясцовы – з Украіны, таму на зіму рабіў запасы вугля, бо газ вельмі дарагі (смяецца). А калі праўдзіва, то нарыхтоўкі рабіў па меры магчымасцей: тут я працую два месяцы, а дома месяц адпачываю. Часу, каб нешта вырошчваць, паліваць ды палоць – няма. Прасцей купіць, таму я і набываў беларускую садавіну ды гародніну.
Яўген Яфімаў, інструктар-метадыст ФСК:– Абавязкова робім нарыхтоўкі: агуркі, перац, памідоры, бульбу. У асноўным гародніну набываем на рынку ці на кірмашы. Зрэдку – у знаёмых. Сёлета бульбы ўзяў з дастаўкай да самых дзвярэй. А цыбулю і перац на рынку ў Ждановічах купляў – танней атрымалася.
Дары лесу я сам збіраю, а жонка потым іх кансервуе.
У магазіны заходзім за садавінай і гароднінай па вясне, калі сваё заканчваецца.
--------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
