"Репортёр выходит в свет". А вы принимаете участие в благотворительных акциях?

93850Ва ўсе часы былі і ёсць людзі, якім не па сілах ці не па сродках справіцца з выпрабаваннямі, якія ім наносіць жорсткі лёс, – хваробай, землятрусам, вайной… І тады яны звяртаюцца за дапамогай да людзей, якія жывуць побач, прызываючы да хрысціянскай маралі і чалавечнасці.
А як да ўдзелу ў дабрачынных акцыях адносяцца астраўчане і госці нашага горада? Каму дапамагаюць і як часта? Гэта і высвятляў наш карэспандэнт.

репортер благотворительность ШлыковичІнга Шлыковіч, бібліятэкар аддзела камплектавання:
– Па магчымасці дапамагаю тым, хто пакутуе. Да мяне нядаўна жанчына зайшла з малым дзіцём, кажа: “Я на апошнія грошы дровы купіла... Грошай не прашу… Дапамажыце, чым зможаце…” Дык я ёй крыху бульбы дала, нейкую вопратку дзіцячую. Муж, канешне, потым гаварыў, што гэта махляры былі, аднак я так не лічу.
Пэўным чынам стараюся дапамагаць і царкве. Так, мне ў Мінску вельмі падабаецца царкоўная лаўка, у якой прадаюцца добрыя кніжкі для дзяцей, мёд, піражкі… Атрымліваецца, што і для сябе нешта набыў, і справу добрую зрабіў.

репортер боаготворительность ПеткевичТаццяна Пяткевіч, справавытворца Астравецкага РЭС:
– Заўсёды ўдзельнічаю ў розных раённых акцыях і мерапрыемствах, мэта якіх збор сродкаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ці для тых, хто мае праблемы са здароўем. Апошні раз квіток на дабрачынны канцэрт набыла, аднак з-за некаторых абставін сама пайсці не змагла – аддала яго знаёмай.
Як я вызначаю, ці патрэбна чалавеку дапамога? А гэта па чалавеку відаць, па яго вачах, па знешняму выгляду. Калі я бачу, што яму сапраўды патрэбна дапамога, то я абавязкова дапамагу.

репортер благотворительность ГрудинаЮрый Грудзіна, майстар рамонтна-будаўнічай групы з Ашмян:
– Я стараюся дапамагаць тым, каму сапраўды патрэбна дапамога. Аднак, шчыра кажучы, гэта не заўсёды атрымліваецца. Калі да нас заходзяць прадстаўнікі Чырвонага крыжа і Таварыства інвалідаў, то якую капейчыну абавязкова стараюся знайсці.
Калі ў вялікіх гарадах бываю, то час ад часу падаю там жабракам, аднак часцяком яны бываюць такія настырныя, што ледзь не самі ў кішэнь лезуць, – такіх даводзіцца адшываць. Вельмі шкада, што часта за тымі, каму сапраўды патрэбна дапамога, хаваецца шмат жулікаў і махляроў. У інтэрнэт-зборах увогуле не ўдзельнічаю.

репортер благотворительность ШитьНаталля Шыць, бібліятэкар аддзела камплектавання:
– Канешне, дапамагаю ўсім, каму мая дапамога патрэбна. Мне гэтыя грошы могуць і не спатрэбіцца, а чалавеку, якому я іх ахвярую, яны могуць выратаваць жыццё.
Лічу сваім абавязкам дапамагчы таму, хто просіць. Можа, той рубель, што я аддам, пойдзе зусім на іншыя справы, але гэта ўжо будзе не на маім сумленні.
Апошні раз у касцёле ксёндз з Барысава прасіў у прысутных дапамогі на будаўніцтва касцёла. Там прыход у яго ўсяго 120 чалавек, самім ніяк не справіцца.

-------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.