"Репортёр выходит в свет". А вы пойдёте на благотворительный концерт?
3 снежня ў кінаканцэртнай зале «Астравец» пройдзе дабрачынны канцэрт «Выпрастай крылы», прысвечаны дзецям з анкалагічнымі захворваннямі і дзіцячым цэрэбральным паралічом. Пяць гадоў назад група неабыякавых людзей вырашыла зрабіць добрую справу і дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, – з таго часу ў раёне штогод сталі праходзіць дабрачынныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да дня інвалідаў.Карэспандэнт «АП» вырашыў пацікавіцца, ці збіраюцца астраўчане і жыхары раёна пайсці на дабрачынны канцэрт і ці патрэбна такая дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
– На жаль, у гэтым годзе я не змагу трапіць на дабрачынны канцэрт, бо знаходжуся ў адпачынку па догляду за дзіцём. Але купоны на канцэрт абавязкова набудзем усёй сям'ёй.
Канешне, такім сем'ям патрэбна любая дапамога – і дай Бог нікому не трапіць у такую складаную жыццёвую сітуацыю. Няхай ва ўсіх будзе здароўе – і смяюцца дзеці, а бацькі плачуць толькі ад радасці.
– На дабрачынны канцэрт хаджу кожны год – і сёлета таксама купіла білет. Напэўна, усе, хто хоць раз сустракаўся з хваробай ці няшчасцем, ведаюць, як гэта балюча. У мяне ў аварыі загінула дзіця, таму не па словах ведаю, як застацца без роднай крывінкі. Я працую ў карэкцыйным цэнтры і кожны дзень сустракаюся з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
Падобныя канцэрты – добрая магчымасць падтрымаць тых, каму патрэбна дапамога. 50 тысяч рублёў – невялікія грошы, але калі іх ахвяруе хаця б палова астраўчан – колькі мы разам зможам сабраць!
– Пра канцэрт ведаю: заходзілі валанцёры, расказвалі, раздавалі флаеры. Абавязкова набудзем білеты. На канцэрт пойдзе жонка Таццяна, я застануся дома з дачкой.
Такія дабрачынныя мерапрыемствы вельмі патрэбны. Нядаўна хадзілі на спектакль «Калядны вечар» – акрамя таго што атрымалі неперадаваемыя ўражанні, змаглі аказаць дапамогу людзям, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках у Міхалішкаўскай бальніцы. Канешне, пакуль сам не сутыкнешся з бядой, складана зразумець чужы боль. Людзям у бядзе патрэбна ўвага. А для сем'яў, у якіх выхоўваюцца хворыя дзеці, вельмі важна, што пра іх успамінаюць.
Арганізатары такіх дабрачынных акцый і канцэртаў – малайцы!
– Мы з валанцёрамі Гудагайскай школы не толькі пойдзем на канцэрт, але і прымем у гэтым мерапрыемстве самы непасрэдны ўдзел.
Той, хто хоць раз у жыцці сутыкаўся з бядой ці хваробай, не будзе сумнявацца – дапамагаць ці не. Можна нават сказаць, што ўдзел у такім мерапрыемстве, хоць бы ў якасці гледачоў, у першую чаргу патрэбен нам, здаровым людзям, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што разам можна зрабіць многае, бо часта ў бядзе патрэбна проста маральная падтрымка: выслухаць чалавека, даць параду – гэта таксама вельмі важна.
– Пра канцэрт я чула. У мінулым годзе набылі білеты ўсёй нашай невялікай арганізацыяй. Былі на канцэрце, набылі вырабы, зробленыя рабятамі. На гэтых дабрачынных канцэртах заўсёды вельмі душэўная абстаноўка. Трэба было бачыць вочы тых, каму было прысвечана мерапрыемства, – якімі яны былі шчаслівымі! Хаця б дзеля такіх момантаў мы і павінны знайсці гадзіну-другую, каб прыдачыніцца да добрай справы.
Чытала ў «Астравецкай праўдзе», што сёлетні канцэрт будзе прысвечаны дзецям з анкалагічнымі захворваннямі і дзіцячым цэрэбральным паралічом – ім, як нікому, патрэбна людская падтрымка і дапамога. Таму абавязкова набудзем білеты – і такім чынам дапаможам сем'ям, у якіх выхоўваюцца хворыя дзеці.
Дай Бог дапамагаць іншым, а не мець патрэбы ў гэтай дапамозе.
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.





