"Репортёр выходит в свет". А вы помните свой школьный выпускной?
Хутка і непрыкметна праляцелі адзінаццаць гадоў вучобы, адзвінеў сумна-ўрачыстымі пералівамі апошні школьны званок, засталіся ў мінулым экзамены.Яшчэ крок – і ўчарашніх школьнікаў закруціць дарослае жыццё. Толькі самае прыемнае і кранальнае атрыманне атэстатаў аб заканчэнні школы і развітанне з дзяцінствам на выпускным вечары запомніцца назаўжды.
А якім быў ваш выпускны вечар? – сваімі ўспамінамі і ўражаннямі мы папрасілі падзяліцца астраўчан.
Алена Мятлеўская, працуе на пляцоўцы будаўніцтва БелАЭС:– Любы выпускны – гэта вельмі ўрачыста і прыгожа. Хоць я і не заканчвала 11 класаў, а развіталася са школай пасля 9-га, для нас таксама было арганізавана свята. Мы спраўлялі выпускны разам з адзінаццацікласнікамі. Усе былі ўзрушаны, хваляваліся, а часам і слёзы накатваліся на вочы. У Варнянскай школе, дзе я вучылася, выпускныя заўсёды праходзяць у цёплай душэўнай атмасферы: пра кожнага з вучняў рыхтуюць невялікае прадстаўленне, расказваюць самыя запамінальныя моманты школьнага жыцця. А якія ўсе выпускнікі прыгожыя! Як зараз памятаю сваю ружовенькую сукенку. Гэта быў 1991 год. Як падумаеш – не верыцца, што так хутка гады ідуць. Аднак заканчэнне школы запамінаецца назаўсёды.
Генаэфа Андралойць, старшы фельчар-лабарант дыягнастычнай лабараторыі:– Я скончыла Радуньскую сярэднюю школу ў 1982 годзе і на той час не 11, а 10 класаў. А як мы старанна рыхтаваліся да выпускнога! – напэўна, больш хваляваліся і перажывалі, чым на самой урачыстасці: шылі сукенкі, прадумвалі нумары, рэпеціравалі – зараз усяго і не ўспомню. Атэстат нам уручалі ў Доме культуры, а выпускны праходзіў у школе. Разам з намі адзначалі свята і нашы бацькі – гэта была абавязковая традыцыя. Весела пагулялі, а затым пайшлі світанак сустракаць – ёсць у нас у Радуні прыгожае месца ля рэчкі на мастку. Колькі планаў было на будучыню! Магчыма, не ўсё збылося, але я хацела звязаць жыццё з медыцынай – і вось ужо 32 гады працую ў Астравецкай бальніцы.
Дарэчы, можна сказаць, што ў мяне быў не адзін выпускны: заканчвалі школу сын з дачкой – і мы з мужам гэтаксама рыхтаваліся да іх урачыстасці і танцавалі вальс на плошчы. Зараз у мяне трое ўнукаў, таму спадзяюся наведаць яшчэ не адзін выпускны і ў чарговы раз успомніць свой.
Андрэй Мароз, пенсіянер:– Школьны выпускны? А як жа! Вучыўся я ў Страчскай васьмігодцы, але на выпускны нас сабралі ў школе ў Жукойнях-Жалядскіх: павіншавалі, уручылі атэстаты, канцэрт наладзілі, а затым былі танцы. Хораша гулялі, весела – вядома, маладыя і шустрыя! Ці сустракалі світанак? Не. Тады транспарту асабліва не было, усюды пехатой хадзілі, а я жыў у Малой Страчы. Чацвёра нас адтуль было. Дык пакуль ад Жукойняў-Жалядскіх да Малой Страчы дайшлі – і світанак сустрэлі.
Яніна Ярмак і Хрысціна Карвэцкая, пенсіянеркі.Яніна Іванаўна:
– Які гэта быў цудоўны, шчаслівы, непаўторны час. І як бы хацелася вярнуць яго назад, аднак, на жаль, немагчыма. Я скончыла Варнянскую школу ў 1960 годзе. Вядома, выпускныя тады праводзіліся больш сціпла, чым зараз. Сукенку мне пашыла мама. Выпускны праходзіў у школе. А світанак хадзілі сустракаць на вежу.
А якія цудоўныя ў нас былі настаўнікі! Асабліва наша класная Ніна Арсеньеўна Юрыс – Чалавек з вялікай літары. Магчыма, дзякуючы ім, нягледзячы на той складаны час, я таксама стала педагогам і 38 гадоў адпрацавала ў Завельскай школе.
Хрысціна Паўлаўна:
– А вось я, хоць і родам з Баяраў, але старэйшыя класы заканчвала ўжо ў Астравецкай школе. Быў 1956 год, і вучоба тады была платная: 150 рублёў у год – немалыя на той час грошы. І кватэру трэба было зняць. А нас у бацькоў чацвёра! Цяжка было, але ўсе вывучыліся. А выпускны памятаю – не шыкоўна было, але весела і дружна. І вальс танцавалі, але не на плошчы, як зараз, а ў школе.
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
