"Репортёр выходит в свет". А вы подготовили детей к школе?

Адна з найпершых, ледзь не найгалоўнейшых, спраў восені – адпраўка дзяцей у школу. Ці гатовы нашы хлопчыкі і дзяўчынкі да 1 верасня?

Ці набылі ім бацькі ўсё неабходнае? З гэтымі пытаннямі і звяртаўся наш карэспандэнт да людзей на вуліцах Астраўца.


Марына Валанцэвіч з сястрой Дзіянай:

– Дзіянка сёлета пойдзе ў другі клас. Сёння мы прыехалі з Альхоўкі ў Астравец, каб падрыхтавацца да школы. Дзе былі? Школьнае адзенне глядзелі ў “Лімпапо” і “Купалінцы”, спартыўную форму – у “Доме быта”, канцылярскія прыналежнасці – у “Карандашы”. Да ўнівермага не дайшлі – усё неабходнае набылі. Апрануць дзіця ў школу сёння каштуе нятанна. Але галоўнае, што Дзіянцы яе абноўкі падабаюцца.


Наталля Клімовіч з дочкамі Вікторыяй, Інэсай, Ілонай і сынам Алегам:

– Сабраць чатырох дзяцей у школу вельмі складана. У адным магазіне на ўсіх знайсці патрэбнае немагчыма. Няважна, у які клас ідзе дзіця, цэны на ўсё аддзенне амаль аднолькавыя. Аднак са старэйшымі ўсё ж складаней, бо ў іх ўжо ёсць густ і перавагі. Мы чатыры крамы абышлі, зараз накіроўваемся ў новы “Талер”, а потым збіраемся на рынак.

Канешне, у нашых магазінах і крамах усяго хапае, на любы колер і густ – але звычайна выбар той ці іншай рэчы ўпіраецца ў фінансы.


Антон Рудзінскі:

– Мы з бацькамі ў краму за школьнымі рэчамі пакуль не хадзілі, але “прыкінулі”, дзе і што будзем купляць: за школьнай формай збіраемся ў Вільнюс – яна там дзешавейшая, а спартыўную ў Астраўцы набудзем. Я сабе на рынку ўжо красоўкі “найкаўскія” прыглядзеў.


Таццяна Рынкевіч з сынам Аляксеем:

– Мы ўсе рэчы стараемся загадзя закупіць. Калі з гэтай справай не цягнуць да апошняга дня, а расцягнуць на некалькі месяцаў, то не так яна і б’е па кішэні.

У нас у Астраўцы хапае добрых магазінаў з шырокім асартыментам, аднак школьны касцюм мы ўсё ж куплялі ў Смаргоні – там танней: за касцюм і тры рубашкі неблагую зніжку атрымалі.


Дзмітрый і Дзіяна Урбановічы з сынамі Даніілам і Давідам:

– Сёння вырашылі прайсціся па магазінах – і адразу ўсё неабходнае набылі, застаўся толькі рукзак. У Астраўцы хапае дзіцячых магазінаў, так што апрануць і абуць дзіця – не складана. Галоўнае – не цягнуць да апошняга дня. У тым жа “Талеры” можна знайсці ўсё: там усе крамы знаходзяцца побач.

Сабраць дзіця ў школу – не такая ўжо і дарагая справа. Калі не гнацца за маркай, то якасную айчынную прадукцыю, якая да таго ж будзе недарагой, можна знайсці.


---------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.