"Репортёр выходит в свет". А вы готовы попрощаться с нулями?
Дэнамінацыя, якая запланавана на 1 ліпеня 2016 года, “з’есць” з нашых грашовых купюр ажно чатыры нулі. Адначосова з пераходам на новыя рублі ўзору 2009 года да нас вернуцца капейкі і металічныя рублі.Дэнамінацыя беларускага рубля для беларусаў не ў навінку: за адносна кароткую гісторыю Рэспублікі Беларусь яна адбывалася ўжо двойчы. Як да яе адносяцца жыхары Астравеччыны і нашы госці, высветляў наш карэспандэнт на гэтым тыдні.
Леакадзія Сальмановіч, бухгалтар (без фота):
– Калі ўрад вырашыў, што прыйшоў час прыбіраць з грошай нулі – то, відаць, ён і сапраўды прыйшоў.
Наколькі я ведаю, праводзіць дэнамінацыю ў нашай краіне збіраліся яшчэ некалькі гадоў таму, аднак з-за сусветнага крызісу яе вырашылі затрымаць.
І ў тым, што мільёны адыйдуць у нябыт, а да нас вернуцца капейкі, нічога страшнага не бачу – я ўжо некалі жыла пры капейках. Так што, лічу, да новых грошай мы прывыкнем хутка.
Дзмітрый Давыдчык, мантажнік тэхнічнага трубаправода:– Я за тое, каб з грошай хутчэй прыбралі гэтыя непатрэбныя нулі. Мне так будзе прасцей, бо сам я з Расіі, з Твярской вобласці, і спачатку вельмі блытаўся ў цэнах і беларускіх рублях. Менш нулёў – менш праблем, ды і лічыць прасцей.
А ўвогуле, у Беларусі мне падабаецца, асабліва тут, у Астраўцы. Так што хачу пажадаць, каб з новымі грашамі да астраўчан прыйшло новае шчасце.
Максім Якубоўскі, мантажнік тэхнічнага трубаправода:– Я таксама не беларус, таму ад беларускіх нулёў першы час галава ішла кругам: здаецца, атрымаў некалькі мільёнаў, а схадзіў у магазін – і ўсё, няма іх. Вельмі нязручна. Так што лішнія нулі, без пытанняў, трэба прыбіраць. А тое, што да вас вернуцца металічныя капейкі, лічу, не так і страшна – беларусы хутка да іх прывыкнуць, ды і тэрмін “жыцця” ў іх значна даўжэйшы, чым у папяровых грошай.
Раіса Мерзаянава, пенсіянерка:– Да дэнамінацыі адношуся станоўча, бо не бачу розніцы ў тым, некалькі мільёнаў “старых” у цябе ў кішэні ці некалькі тысяч “новых” – галоўнае, каб яны былі. Дзякуючы нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашенку жывём мы нядрэнна, на ліверцы з халадніком не сядзім, у магазінах на паліцах самых розных прадуктаў дастаткова. Ну, а што нават мільёнаў часам не хапае, дык трэба вучыцца эканоміць і адмаўляць сабе ў розных непатрэбных раскошах. Я добра ведаю, што грошай шмат не бывае, таму нават зараз, хоць ужо некалькі гадоў знаходжуся на пенсіі, выязджаю на калгасныя палі, каб хоць крыху падзарабіць.
Уладзіслаў Падгайскі, стропальшчык (без фота):
– Я заўсёды з задавальненнем успамінаў савецкія грошы, калі на некалькі капеек шмат чаго можна было купіць. Так што мне па душы, што да нас вернуцца гэтыя самыя металічныя капейкі і рублі. Адзінае, чаго асцерагаюся: каб толькі мы хуткімі тэмпамі потым зноў у “мільянеры” не выбіліся.
Блытаніны з новымі і старымі грашамі быць не павінна, хаця давядзецца больш уважліва лічыць здачу ў магазінах (смяецца).
Марыя Карнэлік, пенсіянерка (без фота):
– Можа і добра, што грошы крыху падрабнеюць, а то занадта ўжо вялікія сумы зараз у абіходзе. Да новых цэн беларусы, лічу, прывыкнуць хутка – мы ўвогуле хутка да ўсяго прывыкаем. Да таго ж, гэта ж не першая дэнамінацыя: мы ўжо некалі былі мільянерымі.
Адзінае, аб чым думаю: трэба будзе людзям набываць новыя кашалькі, больш надзейныя, якія разлічаны будуць і на капейкі, а то сучасныя зусім для гэтага не падыходзяць.
------------------------
Антон ЧЫК.
