"Репортёр выходит в свет". А вы боитесь гриппа и простуды?

БольницаСезоннага абвастрэння вострых рэспіраторных захворванняў, дзякуючы актыўнай прафілактычнай рабоце, сёлета ў Беларусі не чакаецца. Хоць людзям, якія захварэлі, ад пазітыўнай статыстыкі лягчэй не робіцца...
Ці баяцца грыпу і прастуды жыхары нашага райцэнтра? Гэта і высвятляў наш карэспандэнт.

репортер ШилоУладзімір Шыла, пенсіянер:
– Грыпу я не баюся, бо ў канцы мінулага года зрабіў прышчэпку. Канешне, у людзей розныя адносіны да такой прафілактыкі, аднак я давяраю нашым медыкам і заўсёды прыслухоўваюся да іх парад.
Зразумела, што прышчэпкі на кожнага чалавека ўплываюць па-рознаму. Ведаю па сабе: адзін раз усё праходзіць нармальна, а ў другі – ломіць косці, тэмпература падымаецца. Але ж таму яе і раяць рабіць, калі здаровы і арганізм можа змагацца з хваробай, а не калі ўжо заразіўся і арганізм аслаблены хваробай.

репортер ЧумаВераніка Чума, пенсіянерка:
– У паветры лунае нешта такое... Часам, асабліва як пабываю ў людных месцах, чыхаць пачынаю, у горле свярбіць, таму стараюся пазбягаць шматлюдных месцаў, менш з хворымі людзьмі сутыкацца. Аднак у касцёл хаджу заўсёды, пасля рамонту ў нас там цёпла і чыста, але ўсё роўна засцерагаюся – стараюся трымацца асабняком.

Вікторыя Касянкова (без фота):
– Эпідэміі грыпу я не баюся. Бог дасць – хвароба абыдзе бокам. Аднак, як кажуць, на Бога спадзявайся, але сам старайся, таму на стале ў нас заўсёды і садавіна свежая, і гародніна. Акрамя гэтага, вітаміны розныя п’ём.
Я з Украіны і амаль год жыву тут. Да мясцовага клімату мы з дачкой ужо прывыклі, таму “выбрыкі” надвор’я нас не палохаюць. Да таго ж я не веру, што рэспіраторныя захворванні нейкім чынам залежаць ад надвор’я.

Валянціна Пятровіч, тэхработнік СШ №1 (без фота):
– Ёсць пэўны неспакой – не столькі за сябе, колькі за родных. Я кожны дзень сына Вадзіма ў садзік ваджу, бачу, што нямала дзяцей хварэе. А вось у школе, дзе я працую, хворых значна менш.
Ад чаго гэта залежыць – сказаць складана. Нехта, можа, прышчэпкі не зрабіў, хтосьці – не па надвор’ю апрануўся, трэці не вылечыўся ад адной хваробы і па новым крузе захварэў.
Я кожны год раблю прышчэпкі і ўсім раю.

репортер ЛукшаАнастасія Лукша з дачкой Камілай, у дэкрэтным адпачынку:
– Калі дрэннае надвор’е, мы з дачкой менш гуляем на вуліцы, а больш адпачываем дома, п’ём гарачую гарбату з мёдам і лімонам. Такім чынам умацоўваем свой імунітэт. Сама я гадоў ужо, напэўна, з дзесяць не прышчэплівалася ад грыпу і пакуль не збіраюся. Калі сачыць за сваім здароўем, то ніякі грып не страшны – арганізм сам пераможа ўсялякую хваробу, проста трэба пры першых жа сімптомах хваробы знішчаць яе на корані.

--------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.