"Репортёр выходит в свет". А вам хотелось бы изменить свою жизнь?
Жыццё людзей складваецца па-рознаму. Хтосьці, прыкладаючы пэўныя намаганні, накіроўвае яе рэчышча ў патрэбны бок. А нехта добра адчувае сябе ў прывычнай варонцы паўсядзённасці, нават не задумваючыся аб тым, што нешта можна або трэба было б змяніць. А вам хацелася б змяніць сваё жыццё? – з такім пытаннем звярнуўся карэспандэнт “АП” да жыхароў раёна.
Мар'я Бабойць, на заслужаным адпачынку:– Нічога не хачу мяняць – няхай усё ідзе так, як ідзе. У мяне ёсць сям'я, якую я люблю, дзеці жывуць побач. І гаспадарка вялікая: агарод, пяць козачак, шмат курэй. І хоць узрост дае аб сабе знаць – як-ніяк амаль семдзесят ужо, – я ўсё раблю сама і з задавальненнем, нават рамонт у хаце – падлогу, столь, паклеіць, пафарбаваць… Не, нічога ў маім жыцці мяняць не трэба.
Цэйка Ірына, прадавец магазіна “Будаўнік”:– Маё жыццё склалася так, як я таго хацела, таму мяняць штосьці… Навошта? Сэнс свайго жыцця, як жанчыны, заўсёды бачыла ў сям'і – і, дзякуй Богу, у мяне двое дзяцей – ужо дарослы сын і дачка школьніца, і муж, з якім мы пабудавалі, хоць і невялікі, але свой дом. Люблю ранкам выйсці на ганак і паслухаць, як спяваюць птушкі – на ўскрайку Астраўца, дзе мы жывём, іх добра чуваць. Ці хацела б быць багатай? Не, на жыццё нам хапае, а вялікія грошы – гэта і лішнія клопаты.
Анастасія Гурштын, студэнтка:– Мае бацькі жывуць у Гудагаі ў сваім доме, а я цяпер да іх больш у госці прыязджаю – бо вучуся на дашкольнага выхавацеля ў Лідскім каледжы. І пакуль статус студэнткі мяне задавальняе. А што захачу змяніць у жыцці праз некаторы час, не ведаю. Але, калі была б магчымасць, працаваць вярнулася б у Астравец і “абзавялася” кватэрай у шматпавярхоўцы – хаця б на кароткі час, каб даведацца, як гэта – жыць “на этажах”.
Анатоль Ізотаў, індывідуальны прадпрымальнік:– Я задаволены жыццём: хоць нялёгка вучыць двух студэнтаў, але мы з жонкай, якая для мяне яшчэ і сапраўдны сябар, спраўляемся. У нас прыгожы дом, на ўчастку невялікая сажалка, альтанка… Усю душу і кожную вольную хвіліну мы ўкладваем у гэта райскае месца.
Сваё жыццё я карэнным чынам змяніў, калі пераехаў у Беларусь з Літвы, хоць і пражыў там 40 гадоў. Ці шкадую? Ды што вы – ніколькі!
Надзея Шушко, намеснік кіраўніка свінакомплексам СВК “Варняны”:– Так, мне вельмі хацелася б змяніць сваё жыццё, прычым кардынальна. Па-першае, хацелася б пападарожнічаць, убачыць свет. А па-другое, з задавальненнем абмяняла б кватэру “на Валадарцы”, дзе жыву цяпер, на дом у ціхім прыгожым месцы на беразе возера. Гэта не столькі простая рамантыка: яднанне з прыродай – ёсць аснова шчасця чалавека.
Толькі пакуль што гэта мары – каб іх рэалізаваць, патрэбны немалыя грошы. Але я веру: хто шукае, той знойдзе.
Гутарыла Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.
