"Репортёр выходит в свет". А ты посадил своё дерево?
У наш час, калі атмасфера інтэнсіўна забруджваецца шкоднымі выкідамі, ролю зялёных насаджэнняў – своеасаблівых лёгкіх планеты – немагчыма пераацаніць.А што вы зрабілі для таго, каб Зямлі дыхалася лягчэй? Пра гэта цікавіўся ў астраўчан наш карэспандэнт.
Казімір Бабіч, настаўнік:– Як сапраўдны мужчына, я выканаў усе тры справы: дом пабудаваў, сыноў выгадаваў і пасадзіў цэлы сад.
Увогуле, пасадкай дрэў я займаюся кожную вясну і восень. І саджаю не па аднаму дрэўцу. У асноўным, канешне, гэта пладовыя дрэвы. У мінулым годзе пасадзіў 4 яблынькі, сёлета – 4 грушы. Дрэвам, як і дзецям, патрэбен догляд і клопат – тады яны і ўраджаем шчодрым адораць.
Наталля Малкова, настаўніца:– Мы з вучнямі Гудагайскай СШ штогод займаемся акультурваннем прышкольнай тэрыторыі. Але ў асноўным садзім кустарнікі.
Кожную вясну нашы вучні актыўна супрацоўнічаюць з леснікамі. Сёлета, напрыклад, займаліся пасадкай елачак у Палушскім лясніцтве.
Уладзіслаў, вадзіцель (без фота):
– Мы завём сваю краіну “зялёнымі лёгкімі Еўропы”. Аднак за апошнія гады яны паменшалі ў памерах. Нехта скажа, што замест ссечанага дрэва мы садзім тры, – аднак я гэтага не бачу. Да таго ж, не адно дзесяцігоддзе пройдзе, пакуль дрэва вырасце.
Дзе нашы лясныя волаты – дубы? Дзе дубровы, якія спрадвеку славілі паэты і пісьменнікі? На гербе Астраўца – дуб. А колькі дубоў расце ў нашым горадзе? Я не чуў, каб лясгас займаўся пасадкай дубоў. Затое бесталковых туй па ўсім раёне насадзілі. А якая з іх карысць?
Тарэза Капрынец, у дэкрэтным адпачынку:– Мы ў мінулым годзе каля свайго дома садзілі вішні і яблыні. Я, праўда, больш дапамагала парадамі, бо была не ў тым становішчы, каб фізічна працаваць. Хацелася б яшчэ некалькі туй для прыгажосці пасадзіць, але гэта справа не “гарыць”.
Лічу, што ўсе хатнія справы можна падзяліць на тры катэгорыі: мужчынскія, жаночыя і сумесныя. Пасадка дрэў якраз да апошняй і адносіцца.
Андрэй Жураўлёў, будаўнік:– У свой час я некалькі гадоў працаваў у лясгасе, таму смела магу заяўляць, што пару соцень дрэў дакладна пасадзіў: елкі, бярозы... Але ў асноўным усё ж сосны.
Антон ЧЫК, фота аўтара.
