"Репортёр выходит в свет". А какое кино смотрите вы?

Сёлета беларускі кінематограф адзначае 90-годдзе свайго існавання. За гэты час «Беларусьфільм» выпусціў не адзін дзясятак кінахітоў для дзяцей, юнацтва і дарослых: “Прыгоды Бураціна”, “Пра чырвоную шапачку”, “Па сакрэту ўсяму свету” – гэтыя фільмы сталі класікай, іх ведаюць усе. А чаго варты “першы савецкі містычны трылер” “Дзікае паляванне караля Стаха”!

А ці цікавяцца беларускім кіно і якія фільмы ўвогуле глядзяць астраўчане? З гэтымі пытаннямі і звярнуўся да людзей на вуліцах Астраўца карэспандэнт “раёнкі”.


Леанарда Ярашэвіч, пенсіянерка:

– Апошнім часам я аддаю перавагу чытанню, а тэлебачанне і фільмы, якія там паказваюць, не люблю глядзець увогуле. Чаму? Там шмат рэкламы круцяць – нуднай і надакучлівай. Ды і фільмы раней цікавейшыя былі – на мой погляд, глыбейшыя па сэнсе і па пачуццях.


Іван Багдановіч, вадзіцель:

– Я аддаю перавагу нашым, беларускім фільмам і гляджу ў асноўным іх па дзі-ві-дзі: так прасцей знаёміцца з навінкамі айчыннага кінематографа, не чакаючы, пакуль фільм пройдзе па тэлебачанні.

Увогуле люблю глядзець дэтэктывы і вострасюжэтныя фільмы пра супрацоўнікаў міліцыі. Мой любімы фільм – “Месца сустрэчы змяніць нельга”: ён не “прыядаецца”, колькі разоў ты яго ні паглядзі. Раней, лічу, фільмы за душу бралі, хаця зараз яны па якасці лепшыя і спецэфектамі значна “круцейшыя”.


Караліна Вясько і Дзіяна Чучва, 6 клас, гімназія:

– Нам больш падабаюцца замежныя фільмы. Там сюжэты цікава закручаныя, спецэфекты самыя апошнія, акцёры прыгожыя, ды і самі фільмы больш разрэкламаваныя. Які з апошніх фільмаў спадабаўся? “Той, што бяжыць у лабірынце” з акцёрам Дзіланам О’Брайенам у галоўнай ролі.

Хаця і савецкія камедыі нам падабаюцца, да прыкладу “Прыгоды Шурыка”, “Аперацыя “Ы”, “Брыльянтавая рука”.


Галіна Каспяровіч, пенсіянерка:

– На пенсіі зараз часу вольнага хапае на розныя інтарэсы, аднак зрок ужо не той, ды і тэхніка дома старая – антэна падводзіць, таму і гляджу выключна Першы канал. З усіх фільмаў, якія там ідуць, перавагу аддаю беларускім і расійскім меладрамам. А вось ваенныя фільмы, якіх апошнім часам зашмат стала, не люб-лю, бо сама ў 1942 годзе нарадзілася і памятаю цяжкія пасляваенныя гады.


Віктар Багдановіч, ветэрынарны ўрач:

– Па тэлевізары гляджу ў асноўным навіны і забаўляльныя праграмы, а з фільмаў аддаю перавагу рэтра. У мяне дома падключана “Зала”, таму праблем з пошукам фільмаў “для душы” няма – заўсёды можна знайсці добрую кінастужку. Лічу, што розных фільмаў хапае – ёсць і якасныя, і не вельмі. Цікавыя фільмы раней выходзілі на Рыжскай кінастудыі, на Адэскай, на кінастудыі імя Даўжэнкі. Наш “Беларусьфільм” і зараз якасныя і цікавыя фільмы выпускае, толькі што яны не разрэкламаваны так, як замежныя. Але яны нам па духу і па нашых рэаліях блізкія і больш зразумелыя.


Антон Чык.

Фота аўтара.