"Репортёр выходит в свет". А какие газеты и журналы читаете вы?
Які б сумны лёс ні прарочылі перыядычным выданням у дваццаць першым стагоддзі, жыццё паказвае, што не ўсе жадаюць і гатовы адмовіцца ад ранішняй газеты за кубачкам кавы.Вось і вырашыў наш карэспандэнт высветліць, якія газеты і часопісы карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў Астравеччыны і што яны выпісваюць.
Тэрэса Памецька, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі:– У краіне вельмі шмат перыядычных выданняў, якія цікава і карысна пачытаць. Вядома, хуткасць апублікавання навін – за інтэрнэтам, аднак у газетах тая ж інфармацыя падаецца больш грунтоўна. А яшчэ заўсёды можна, прачытаўшы нешта карыснае, захаваць матэрыял, а не ламаць галаву “дзе ж яно было ў інтэрнэце?”
Для сябе выпісваю “Рэспубліку” і “СБ”, муж выбірае “Ваенную газету”. І, зразумела, чытаем “раёнку” – лічу, што “Астравецкая праўда” павінна “прыходзіць” у кожны дом нашага раёна. Яшчэ час ад часу ў кіёску Белсаюздруку набываю часопісы і “АіФ”.
Марыя Саленік, прадавец універмага:– Абавязкова кожны раз выпісываю некалькі газет, а “Астравецкую праўду” – у першую чаргу. Раней “Звязду” вельмі любіла чытаць, аднак апошнім часам не выпісваю яе. Муж для сябе набывае “Рыбалку”.
Ці хапае інфармацыі ў газеце? Здаецца, што і культурныя падзеі, і інфармацыйныя асветлены добра. Любімы аўтар – гэта, канешне, Ніна Рыбік. Раней яшчэ вельмі Ганну Чакур любіла пачытаць. А зараз і маладыя добра час ад часу пішуць – чытабельна.
Можна, мне здаецца, было б у нашу “раёнку” дадаць яшчэ кулінарную старонку ад якіх-небудзь вядомых людзей Астравеччыны, а то вельмі мала ў ёй рэцэптаў. І, магчыма, яшчэ паменшыць колькасць рэкламы – вельмі яна вока мазоліць.
Аліна Вараб’ёва з унукам Мікалаем, лесавод:– Па старынцы чытаю шмат перыядычных выданняў у друкаваным выглядзе: “Гаспадыню”, “АП”, “1 000 парад”. Аднак пасля таго як дачка мяне “падсадзіла” на інтэрнэт – паказала, растлумачыла і навучыла, – шмат навін чытаю і ў “сетцы”. Тут яны хутчэй публікуюцца, аднак у такіх матэрыялах мала аналітыкі. Нашу “раёнку” люблю не за інфармацыйныя артыкулы, а за апавяданні і замалёўкі з простага чалавечага жыцця. І тут роўных няма галоўнаму рэдактару Ніне Рыбік.
Лілія Янкойць, намеснік начальніка аддзела па працы:– Лічу, што ніколі інтэрнэт не заменіць газету ці часопіс. Прынамсі, для мяне: у любы час і ў любым месцы можна дастаць і пачытаць свежы нумар любімага выдання.
Я выпісваю шмат перыёдыкі: “Астравецкую праўду”, “Звязду”, “СБ”, “Газету пенсіянера”, часопісы “1 000 парад” і “Сваты”. А яшчэ ёсць спецыфічныя выданні, якія трэба чытаць па рабоце, – “Дзелавая Рэспубліка”, напрыклад, ці “Бізнес-Інфо”.
--------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.
