"Репортёр выходит в свет". А как вы втянулись в трудовые будни после выходных?

выходныеПрацоўны графік двух апошніх тыдняў для многіх арганізацый і прадпрыемстваў Астравеччыны быў значна аблегчаны выхаднымі днямі. Нехта вырашыў правесці святы дома перад тэлевізарам, хтосьці змог выбрацца ў госці, а некаторыя самі штодня іх прымалі…
Як прайшлі святочныя выхадныя ў астраўчан і як яны ўліліся ў працоўныя будні, высвятляў на гэтым тыдні наш карэспандэнт.

МілашСняжана Мілаш, сакратар Астравецкага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства:
– На рабоце ў нас некаторым не пашанцавала – у сувязі з моцнымі маразамі на святы давялося дзяжурыць. А што да доўгіх выхадных, то, магчыма, некаму і падабаюцца працяглыя канікулы, але я супраць доўгатэрміновых выхадных. Зімой – не схадзіць нікуды, не выехаць… Хаця вось з сынам выбралася на санках з горкі пакатацца – даўно так не весялілася!
А ў гэтую суботу збіраюся на лыжню – хварэць за наш філіял Гроднаабл-спажыўтаварыства. Так што святы працягваюцца.

СатыгаАлег Сатыга, электраманцёр ЖКГ:
– Адпачыў добра. Апошнія некалькі выхадных дзён ужо хацелася папрацаваць. У мінулую суботу нават выйшаў на работу, каб дапамагчы дзяжурнаму. Так што ў працу ўцягнуўся хутка і з радасцю.
Да таго ж, мне вельмі падабаецца мая работа: заўсёды ёсць, чаму павучыцца. Мы працуем з людзьмі: выязджаем па выкліках, каб высветліць прычыну няспраўнасці з электрычнасцю, выправіць яе, – і гэта цікава.

Уладзімір Кандратовіч, станочнік (без фота):
– Адпачывалася цудоўна, аднак на працу хацелася хутчэй выйсці – трэба ж грошы зарабляць ды сям’ю карміць. Вось калі б у нас за выхадныя зарплату налічвалі – зусім іншая размова была б (смяецца).
За той час, што ў нас былі святочныя і выхадныя дні, паспеў і гасцей сустрэць, і адпачыць, і нават на каньках пакатацца.
На рабоце ў нас зменны графік – суткі праз двое, таму працуем не гледзячы на тое, выхадныя на календары дні ці працоўныя.

АлімухамедаваЗоя Алімухамедава, пенсіянерка:
– На пенсіі амаль не адчуваецца розніцы паміж святамі і працоўнымі днямі. Хіба што на святы ўся сям’я збіраецца разам: ці дочкі да мяне з унукамі прыязджаюць, ці я да іх выбіраюся. Сёлета спачатку ў адной дачкі адзначалі свята, потым – у другой. Добра адсвяткавалі, аднак і за працу трэба ўжо брацца.
Я жыву адна, але адзінокай сябе не адчуваю – уся радня паблізу. У хаце ў нас сумна не бывае – сям’я вялікая: у Беларусі ў мяне дзве дачкі і восем унукаў жывуць, а яшчэ ў Расіі сын і дачка ёсць з дзецьмі.

-------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.